Артаклаз
Артаклаз — мінерал з групы палявых шпатаў, K(AlSi3O8).
Назва паходзіць ад грэчаскіх слоў, якія ў перакладзе азначаюць «прамыя» і «трэшчына», за прамы вугал паміж плоскасцямі спайнасці. Належыць да групы каліева-натравых палявых шпатаў.
Зярняты няправільнай формы. Прызматычныя, таблітчатыя крышталі, двайніковыя зросткі. Бясколерны, белы, шэры, ружовы, чырванаваты. Бляск шкляны, на плоскасцях спайнасці жамчужны або перламутравы. Рысы не дае. Спайнасць дасканалая ў двух напрамках пад вуглом 90°. Цвёрдасць каля 6. Шчыльнасць каля 2,5 г/см³. Сінгонія манаклінная.
Сустракаецца ў магматычных і метамарфічных пародах крышталічнага фундамента Усходне-Еўрапейскай платформы. Разнавіднасці: сонечны камень з залацістым бляскам, месячны камень — блакітнавата-серабрысты. Артаклаз — пародаўтваральны мінерал гранітаў, сіенітаў, гнейсаў і інш.
Прымяняецца ў керамічнай прамысловасці, вытворчасці фарфору, фаянсу, эмалей, палівы, у шкляной прамысловасці.
Літаратура
- Мінералы, горныя пароды і глебы роднага краю: Кн. для настаўніка / У. Фядотаў, А. Цытленак. — Мн.: Нар. асвета, 1987.