Даўжыня цела 60-70 см, даўжыня крыла 38,5-43 см, вага 1-2,5 кг. Самка крыху меншая за самца. Палавы дымарфізм адсутнічае.
Мае двухколерную афарбоўку апярэння: чорную зверху, белую знізу. На баках цела шэрыя палосы (яны мацней развіты ў самцоў). У маладых птушак замест чорнага колеру ў апярэнні пераважае цёмна-буры. Пуховая птушаня зверху цёмна-шэры, знізу бялёсы. У белашчокай казаркі рэзка выдзяляюцца белыя бакі галавы, лоб і горла.
Бегае хутка і нярэдка такім спосабам ратуецца ад небяспекі падчас лінькі. Выдатна плавае і лёгка лётае.
Гняздуецца белашчокая казарка на паўночна-ўсходнім узбярэжжы Грэнландыі, астравах Шпіцберген, Вайгач і Новая Зямля, насяляе ўзбярэжжы Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі, Вялікабрытаніі, Ісландыі. Белашчокія казаркі, якія гняздуюць у Расіі, утвараюць адасобленую ўсходнееўрапейскую папуляцыю.
Гнездавыя калоніі сустракаюцца ў арктычнай тундры. На гняздоўі прытрымліваецца горнага ландшафту поўначы — скалістых абрываў і ўзбярэжжаў, стромкіх схілаў, якія чаргуюцца з паніжэннямі, пакрытымі сакавітай травой, берагоў скалістых ручаёў і азёр.
Пералётны від. Месцы зімовак: узбярэжжы Паўночнага мора, Брытанскіх астравоў, Галандыя, еўрапейскія і амерыканскія ўзбярэжжы Атлантыкі. На
Беларусі вельмі рэдкі ў час транзітных міграцый від.
Гняздуецца асобнымі калоніямі да 75 пар, адлегласць паміж асобнымі гнёздамі — некалькі дзесяткаў метраў. Гняздо чашападобнае, у паглыбленні, выслана мохам, лішайнікамі, сцёбламі травяністых раслін і пухам; без прыкрыцця.
Поўная кладка складаецца з 3-5 яек. Свежыя яйкі белыя, пад час наседжвання з’яўляецца жаўтаваты налёт.