«David Bowie» — дэбютны студыйны альбом брытанскага музыкі Дэвіда Боўі, выдадзены ў 1967 годзе на лэйбле «Deram Records». Яго змест мае мала агульнага з тым тыпам музыкі, які пазней зрабіў Боўі знакамітым, такім, як фолк-рок з «Space Oddity», ці глэм-рок з «The Rise and Fall of Ziggy Stardust and the Spiders from Mars». Рэдактары «New Musical Express» Рой Кар і Чарлз Шаар Мюрэй адзначылі: «Слухачы, прывучаныя да іміджу Боўі ў сямідзесятых гадах, верагодна, знойдуць гэты дэбютны альбом шакіруючым ці проста дзіўным».