Dynastes neptunus — жук з роду Dynastes сямейства пласцінавусыя. Адзін з самых буйных жукоў на Зямлі. Лацінская назва ўзыходзіць да Нептуна — у старажытнарымскай міфалогіі бог мора.
Даўжыня цела самца 50 — 158[1] мм, самкі 40 — 73 мм. Афарбоўка — ад бліскучай цалкам чорнай да цёмна-бурай.
На галаве самца знаходзіцца вялікі рог з некалькімі зубцамі, накіраваны наперад. На пярэднеспінцы знаходзіцца другі вялікі рог, накіраваны наперад і моцна выгнуты ўніз у форме дугі. Ніжні бок кончыка гэтага рога пакрыты густымі рудымі, руда-бурымі валасінкамі. Ніжэй гэтага рогазнаходзяцца яшчэ два кароткія прамыя рогі, накіраваныя наперад, па адным з кожнага боку. Самка без рагоў, матавая, чорнага колеру, надкрылле глыжастае.