Перайсці да зместу

Heckler & Koch G3

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
HK G3

Апісанне
Тып: Аўтаматычная вінтоўка
Краіна: Сцяг Германіі Германія
Гады эксплуатацыі: 1959 - 1995 (узброеныя сілы Германіі)
Гісторыя мадэлі
Серыйны выпуск: 1959 - 2001
Выраблялася:

Heckler & Koch,

  • Mauser,
  • CETME
Характарыстыкі
Маса, кг: 4.5 кг
Даўжыня, мм: 1023 мм
Даўжыня ствала, мм: 450 мм; 315 мм (G3KA4)
Патроны: 7.62х51 мм
Тып агню: Адзіночны, чаргою, з адсечкай па 3 патроны(некаторыя мадэлі)
Прынцып дзеяння: напаўвольны затвор
Боезабеспячэнне: магазін на 20 патронаў
Прыцэл: мушка+цэлік(у больш позніх мадэлях дыяптрычны)
Характарыстыкі пры выкарыстанні стандартнага патрона

Вінтоўка HK G3 (Heckler & Koch G3) — аўтаматычная вінтоўка распрацаваная для арміі ФРГ.

Вінтоўка пабудавана на аснове аўтаматыкі з напаўвольным заторам. Запаволенне адкрыцця затвора ажыццяўляецца пры ўзаемадзеянні пары ролікаў з хваставіком ствала і затвора.

Агульная схема аўтаматыкі распрацавана ў 1945 годзе на фірме Маўзер. Ствольная каробка вінтоўкі G3 зроблена штампоўкай са сталёвага ліста. На ранніх мадэлях корпус ударна-спускавога механізму таксама быў штампаваны са сталёвага ліста, пазней сталі ўжываць пластыкавы корпус УСМ, зроблены разам з пісталетнай рукаяццю і спускавым кручком. Корпус УСМ мацуецца да ствольнай каробкі штыфтам і пры няпоўнай разборцы адкідваецца ўніз-наперад пасля аддзялення прыкладу з затыльнікам стваловай скрынкі. Пры неабходнасці корпус УСМ можна лёгка аддзяліць ад зброі для рамонту або замены выманнем штыфта, размешчанага ззаду гнязда для магазіна. Сам УСМ курковы, пераключальнік рэжымаў агню служыць і засцерагальнікам, размешчаны з левага боку корпуса. Штатна пераключальнік мае 3 станы — «засцерагальнік», «адзінкавыя», «чарга», аднак ёсць і варыянты УСМ з дадатковым рэжымам агню з адсечкай па 3 патроны.

Дзяржальня зараджання складная, знаходзіцца злева над ствалом і не рухаецца пры стральбе. Прыцэльныя прылады на першых варыянтах (G3 і G3А1) былі мушкай у кольцавым намушніку з перакідным адкрытым цэлікам, на пазнейшых мадыфікацыях (G3А2, А3, А4) цэлік стаў дыяптрычным, у выглядзе барабана з адтулінамі для далёкасцей стральбы 100, 200, 300 і 400 метраў.

Прыклад з затыльнікам мацуюцца да ствольнай каробкі двума штыфтамі і здымаецца пры разборцы. Ёсць два асноўныя варыянты прыкладаў — нескладны з пластыка (на мадэлях G3 і G3А2) і высоўны тэлескапічны, штампаваны са сталі з гумовым затыльнікам (мадэлі G3А1, G3А3).

На самых ранніх вінтоўках цаўё было штампаваным з металу, з адтулінамі для ахаладжэння ствала. Пазней цаўё стала пластыкавым, першы час таксама з адтулінамі для ахаладжэння, але на апошніх мадэлях — гладкім, без адтулін.

Ствол абсталяваны шчылінным полымягасільнікам, які таксама прыдатны для кідання вінтовачных гранат. На яго таксама можна мацаваць штык-нож.

Боезабеспячэнне вінтоўкі ажыццяўляецца з металічных магазінаў на 20 патронаў.

Адмыслова для грамадзянскага рынку фірма Heckler & Koch выпускала толькі самазарадныя варыянты вінтоўкі G3, вядомыя спачатку як HK 41, а потым як HK 91.

Пасля прыняцця ў 1954 годзе амерыканскага патрона Т-65 (7,62х51мм) як стандартнага вінтовачна-кулямётнага боепрыпасу NATO, ФРГ, як і іншыя краіны блока, стала перад неабходнасцю пераўзбраення. Спроба прыняць на ўзбраенне (у мэтах уніфікацыі) бельгійскую вінтоўку FN FAL не ўдалася, бо бельгійцы (мабыць, у адплату за акупацыю Бельгіі падчас Другой сусветнай вайны) адмовіліся прадаць Германіі ліцэнзію на вытворчасць сваёй вінтоўкі. І з гэтай прычыны ўзнікла неабходнасць распрацаваць і вырабіць для сябе зброю пад прыняты патрон.

Група салдат Бундэсвера з вінтоўкамі G3 (1983 год)

Падчас пошукаў магчымых варыянтаў, звярнулі ўвагу на найноўшую тым часам іспанскую аўтаматычную вінтоўку фірмы CETME, распрацаваную пад кіраўніцтвам нямецкага інжынера Людвіга Форгрымлера. У 1957 годзе ФРГ набыла ліцэнзію на вінтоўку СЕТМЕ і па выніках праведзенага тэндару права на вытворчасць новай зброі атрымала новая фірма Heckler und Koch з Оберндорфа, створаная «на развалінах» канцэрна Маўзер.

У 1959 годзе Узброеныя мілы ФРГ (Бундэсвер) прынялі на ўзбраенне новую вінтоўку пад пазначэннем G3 (Gewehr 3 — вінтоўка мадэль 3). Паралельна на ўзбраенне прымаюць і яе варыянт G3A1, адрозны толькі наяўнасцю высоўнага прыкладу замест фіксаванага на звычайнай G3. У 1959—1995 гадах вінтоўка G3 у розных мадыфікацыях стаяла на ўзбраенні Бундэсвера, а з 1995 года ёй на замену прыйшла штурмавая вінтоўка G36 (той самай фірмы) калібру 5.56 мм пад патрон стандарту NATO.

Акрамя Германіі, G3 стаяла або стаіць на ўзбраенні ў арміях больш за 50 краін, уключаючы Грэцыю, Пакістан, Партугалію, Швецыю. Нарвегію, Іран і іншыя. G3 выраблялі па ліцэнзіі ў такіх краінах як Іран, Пакістан, Грэцыя, Турцыя.

Сама фірма Heckler & Koch вырабляла вінтоўкі G3 аж да 2000—2001 гадоў, калі яны канчаткова зніклі з каталогаў гэтай фірмы. Аднак, дагэтуль вырабляецца і прадаецца па свеце зброя сканструяваная з улікам распрацовак да вінтоўкі G3, такая як пісталет-кулямёт HK MP-5, аўтамат HK33, адзіныя кулямёты HK21 і HK23, снайперскія вінтоўкі HK PSG-1 і HK MSG-90.

Асноўнымі прычынамі высокай папулярнасці вінтоўкі G3 у параўнанні з яе асноўнымі канкурэнтамі па блоку НАТА (бельгійскай вінтоўкай FN FAL і амерыканскай М14) сталі, акрамя высокіх баявых характарыстык, яшчэ невялікі кошт вытворчасці і абслугоўвання, звязаныя з шырокім выкарыстаннем штампоўкі замест дарагой станочнай апрацоўкі, і прастатой канструкцыі.