Lohner-Porsche
Lohner-Porsche — серыя аўтамабіляў з электрычным прывадам, распрацаваных Фердынандам Поршэ. Першы ў свеце паўнапрывадны электрамабіль і гібрыдны аўтамабіль.
Электрамабілі
[правіць | правіць зыходнік]Першы аўтамабіль Lohner-Porsche быў прадстаўлены на Сусветнай выставе ў Парыжы ў 1900 годзе. Аўтамабіль прыводзіўся ў рух двума электрарухавікамі, усталяванымі непасрэдна на пярэдніх колах, кожны магутнасцю каля 3 к.с.
У лістападзе таго ж года Lohner прыняла ўдзел у выпрабаваннях на трываласць электрамабіляў, арганізаваных Аўтамабільным клубам Вялікабрытаніі і Ірландыі. На гэтай гоначнай версіі рухавікі былі ўсталяваныя на ўсе колы, што зрабіла машыну першым паўнапрывадным аўтамабілем у свеце.
На працягу 1900—1905 гадоў серыйнай вытворчасці ўдалося прадаць прыкладна 65 электрамабіляў.
Гібрыдныя аўтамабілі
[правіць | правіць зыходнік]Semper Vivus
[правіць | правіць зыходнік]Увосень 1900 года Фердынанд Поршэ прыступіў да праектавання новага прататыпа. Lohner-Porsche Semper Vivus спалучаў электрычныя агрэгаты ў ступіцах пярэдніх колаў з двума аднацыліндравымі рухавікамі ўнутранага згарання De Dion-Bouton магутнасцю 2,5 к.с. кожны. Яны працавалі асобна адзін ад аднаго, не былі звязаны з вядучым мостам, а толькі выпрацоўвалі энергію для сілкавання. Кожны забяспечваў ток 20 А пры напрузе 90 В. Два бензінавыя рухавікі фактычна выкарыстоўваліся для прывада электрагенератара, які падаваў неабходную электраэнергію на рухавікі на ступіцах колаў, а залішнюю энергію — на спецыяльныя акумулятары. Каб зменшыць масу і вызваліць месца для бензінавага рухавіка, Поршэ замяніў першапачатковы акумулятар сваіх электрамабіляў з 74 элементамі на меншую батарэю з 44 элементамі. Гэта быў першы ўзор гібрыднай трансмісіі.
Магутнасць РУЗ, кожны | 1,85 кВт (2,5 к.с.) |
---|---|
Магутнасць электрарухавіка, кожны | 2 кВт (2,7 к.с.) |
Максімальная хуткасць | 35 км/г |
Запас хода | 200 км |
Даўжыня | 3390 мм |
Шырыня | 1880 мм |
Вышыня | 1850 мм |
Каляіна пярэдніх колаў | 1350 мм |
Каляіна задніх колаў | 1540 мм |
Колавая база | 2310 мм |
Клірэнс | 250 мм |
Поўная маса | 1,7 т |
Маса асобнага пярэдняга кола (з рухавіком у ступіцы) |
272 кг |
Mixte
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Semper Vivus Фердынанд Поршэ працягваў удасканальваць сваю гібрыдную трансмісію з мэтай стварэння варыянту, прыдатнага для серыйнай вытворчасці. Такім чынам у 1901 годзе з’явіўся Lohner-Porsche Mixte. На ім замест аднацыліндравых рухавікоў быў усталяваны чатырохцыліндравы рухавік Daimler (аб’ём 5,5 л, магутнасць 25 к.с.), які прыводзіў у дзеянне электрагенератар, размешчаны пад сядзеннем кіроўцы.
Каб вырашыць праблему вагі сваіх аўтамабіляў, канструктар пастаянна памяншаў памер батарэй, для якіх ён спрабаваў сканструяваць пыланепранікальны кажух.
У 1901 годзе было прададзена пяць машын Lohner-Porsche Mixte. Пакупніком гэтай першай партыі быў Эміль Елінэк, вядомы генеральны прадстаўнік кампаніі Daimler-Motoren-Gesellschaft, аднак пагадненне аб супрацоўніцтве па пастаўцы рухавікоў Mercedes не адбылося, і было выраблена толькі сем Lohner-Porsche з агрэгатамі Daimler.
З 1903 года выкарыстоўваліся бензінавыя рухавікі кампаніі Panhard & Levassor.
Пры надзвычай высокіх выдатках на тэхнічныя распрацоўкі з 1900 па 1905 год удалося прадаць усяго адзінаццаць гібрыдных аўтамабіляў.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Alessandro Paiola. Reconstruction of the “Semper Vivus” hybrid car from 1900. (англ.). Porsche. Праверана 20 ліпеня 2022.
- Alessandro Paiola. Lohner-Porsche Semper Vivus, la prima auto elettrica... a benzina (італ.). insideevs.it (10 красавіка 2022). Праверана 20 ліпеня 2022.