Баркун белы[3] (Melilotus albus) — від раслін сямейства Бабовыя (Fabaceae). Расліна еўразійска-паўночнаафрыканскага паходжання, якая натуралізавана і культывуецца ў трапічным і ўмераным паясах свету.
Двух- або аднагадовая травяністая расліна з тоўстым карэнішчам, голым або з рассеянымі валаскамі. Сцёблы 30-200 см, прамыя, часто моцна разгалінаваныя. Ніжнія лісткі з лісточкамі 1-2.5 x 0.5-1.5, ад даўгаватых да зваротнаяйкападобных; прылісткі лінейныя. Суквецце з (25) 40-60 кветкамі, можа дасягаць 9 см у плоданашэнні. Кветкі духмяныя. Чашачка 1.3-2 мм, званочкавая, бледна-зялёная, зубцы 0.7-1 мм, роўныя, вузка трохкутныя. Вяночак 2.5-4 (6) мм, белы. Плод ≈3.5 x 2 мм з 1-2 насенінамі, яйкападобна-эліпсаідальны, голы, цёмна-зялёны або чорны. Насенне ≈2.2 × 1.4 мм, яйкападобнае, гладкае[7][8].