Перайсці да зместу

Monumenta Estoniae Antiquae

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Помнік стваральніку «Monumenta Estoniae Antiquae» Якабу Хурту ў Тарту

«Monumenta Estoniae Antiquae» — корпус эстонскіх народных песень, які змяшчае каля 800 000 старонак рукапісаў 100 000 твораў у стандартным харэйным дыметры. Адзін з самых буйных і значных збораў фальклору ў свеце.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Навуковая цікавасць да эстонскага фальклору ўзнікла ў пачатку XIX стагоддзя. У 1839 годзе было створана Эстонскае таварыства ведаў (эст. Õpetatud Eesti Selts), якое занялося арганізаваным зборам эстонскага фальклору. Пры каардынацыі таварыства быў запісаны эстонскі эпас «Калевіпаэг», працу над якім пачаў Фрыдрых Роберт Фельман, а скончыў Фрыдрых Крэйцвальд.

У 1843 годзе Крэйцвальд выказаў ідэю сістэматычнага збору эстонскага фальклору. Аляксандр Неус, пры падтрымцы Таварыства эстонскай літаратуры (эст. Eesti Kirjameeste Selts), заснаванага ў 1842 годзе, апублікаваў тры тамы анталогіі эстонскіх песень у 1952 годзе. Гэтае выданне, у якое ўвайшлі 1300 песень, лічыцца першай навуковай публікацыяй на дадзеную тэму.

У 1872 годзе, неўзабаве пасля таго як Таварыства эстонскай літаратуры ўзначаліў Якаб Хурт, па ўсёй Эстоніі пачаўся мэтанакіраваны збор фальклору. Запіс і рэдагаванне песень каардынаваў сам Хурт, які здолеў прыцягнуць да працы каля 1400 добраахвотнікаў, выступаючы са зваротамі асабіста, праз прэсу і лісты. Па задуме Хурта, сабраныя матэрыялы павінны былі выйсці ў шасці тамах пад агульным загалоўкам «Monumenta Estoniae Antiquae».

Паміж 1875 і 1886 гадамі з друку выйшлі два тамы народных песень, аб’яднаных агульным загалоўкам «Vana Kannel» («Alte Harfe» — «старая канель»). У кожны том увайшлі матэрыялы, сабраныя ў адной парафіі — такім чынам быў усталяваны прынцып геаграфічнага і дыялектнага, а не тэматычнага, адзінства. «Vana Kannel I» уключаў у сябе песні, сабраныя ў парафіі Пылва на паўднёвым усходзе Эстоніі; у «Vana Kannel II» увайшлі песні прыходу Колга-Яані ў цэнтры Эстоніі. Хурт практычна скончыў працу над трэцім томам з песнямі парафіі Вільяндзі, але складанасці публікацыі і пастаянны прыток новага матэрыялу перашкодзілі яго выпусціць.

Паміж 1904 і 1907 гадамі, пры падтрымцы Таварыства фінскай літаратуры, Хурт апублікаваў у трох тамах калекцыю песень «Setukeste laulud». У яго пайшлі матэрыялы, сабраныя ў вобласці Сетумаа на поўдні Эстоніі. У канцы 1907 года Якаб Хурт памёр.

У 1930-я гады Эстонскі фальклорны архіў адрадзіў першапачатковы праект Хурта і выпусціў III і IV тамы «Vana Kannel» у 1938 і 1941 гадах адпаведна. Трэці том, які выйшаў пад агульнай рэдакцыяй Герберта Тамперэ, утрымліваў песні, запісаныя ў парафіі Куусалу, чацвёрты — у парафіі Карксі. Рыхтаваўся да друку пяты том, прысвечаны фальклору вострава Муху, але публікацыі перашкодзіла Другая сусветная вайна. Да гэтага моманту былі апублікаваны песні чатырох парафій і Сетумаа з агульнай колькасці ў 112 парафій.

У савецкі перыяд праект «Monumenta Estoniae Antiquae» аднавіўся ў сярэдзіне 1950-х гадоў. Да выпуску было запланавана 40 тамоў: у 1960 годзе павінен быў выйсці том з песнямі прыходу Хальяла на востраве Саарэмаа, затым штогод павінен быў з’яўляцца чарговы том. Працу сумесна выконвалі Музей літаратуры і Тартускі ўніверсітэт. Аднак кнігі не з’яўляліся да 1985 года, калі ў свет выйшаў «Vana Kannel V» з песнямі парафіі Мусцьяла. «Vana Kannel VI» (прыход Хальяла) убачыў свет у 1989 годзе. Пасля здабыцця незалежнасці ў Эстоніі былі апублікаваныя «Vana Kannel VII» (прыход Кіхну, 1997) і «Vana Kannel VIII» (прыходы Йыхві і Ійзаку, 1999).