Палявы верабей (Passer montanus) — шырока распаўсюджаная птушка сямейства вераб’іных, блізкі родзіч жыхара гарадоў дамавога вераб’я. У адрозненне ад апошняга, у меншай ступені залежыць ад чалавека.
Даўжыня цела 14-15 см, размах крылаў 20-22 см. Светла-карычневая «шапачка», белыя шчокі з чорнай плямай, чорнае горла. Маладыя таксама з карычневай «шапачкай», але чорная пляма на шчоках менш выразная.
Крыху драбнейшы за дамавога вераб’я, адрозніваецца ад яго ў першую чаргу карычневай шапачкай на галаве, выразнымі чорнымі плямамі на белых шчоках, значна меншым па памеры чорным «нагруднікам» на горле і каўнерчыкам белых пёраў па баках шыі.
Арэал: Еўропа (акрамя Ісландыі і крайняй поўначы), Марока, Туніс, Азія (акрамя крайняй Поўначы, Індыі і Блізкага Усходу) да Ахоцкага мора і Сахаліна, Японія, Філіпіны, Інданезія, Малайскі архіпелаг. На Беларусі звычайны і месцамі шматлікі аселы від.
Сустракаецца на ўскраінах населеных пунктаў, у закінутых селішчах і паблізу ад пасеваў збожжавых культур, садоў і вінаграднікаў. У дзікай прыродзе распаўсюджаны ў светлых лясах, хмызняковых зарасніках і стэпах.
Аселы, папуляцыі з крайняй Пнарэала нерэгулярна пералётныя. Вядомы пералёты да Ісландыі. Нерэгулярныя пералёты могуць мець характар інвазіі ў некаторыя гады, пасля якіх птушкі могуць займаць тэрыторыі на поўдні. У XX ст. гэта адбывалася на Корсіцы, Сардзініі і Мальце, а таксама, магчыма, у Ірландыі.[1]
Статкавая птушка, вядзе аселы альбо вандроўны спосаб жыцця.
Гняздо адзіночнае або ў рэдкай калоніі, у дуплах (як натуральных, так і штучных), а таксама ў шчылінах дамоў, яроўі скал, у аснове гнёздаў птушак сярэдніх памераў, у старых гнёздах малых птушак. Рэдка на дрэвах паміж галінкамі (напр., у густых хваёвых) або ў кусце (напр., глогу). У выглядзе пляскатага шара з бакавой уваходнай адтулінай, няшчыльнае. У дупле або нары добра звітае, але няшчыльнае. Знешняя частка з карэнішчаў і карэньчыкаў травы, саломы, сцёблаў бур’яну, тонкіх галінак, лісця і завялых раслінных валокнаў. Багатая высцілка з моху, воўны, валосся і вялікай колькасці пёраў, яна даходзіць да ўваходнай адтуліны.
Яек звычайна 5-6 (часам 2-7, але можа быць 1-9), звычайна ад падоўжаных да эліптычных, з вострым вузейшым канцом. Афарбоўка вельмі зменлівая нават у адной і той жа кладцы: ад белых і светла-шэрых або светла-блакітных да светла-жоўта-зеленаватых. Плямы (колькасць і размяшчэнне вельмі разнародныя) звычайна з рознымі адценнямі шэрага або карычневага, часам пурпуровага. Плямкі могуць быць згушчаныя на шырэйшым канцы або ўтвараць кальцо вакол яго, у той жа час вузейшы канец без плямак.