Перайсці да зместу

Ісламская канцэпцыя правоў чалавека

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

За мінулае стагоддзе дактрына правоў чалавека заняла важнае месца ў такім феномене, як права. Мусульманскае права з'яўляецца адной з найстаражытнейшых рэлігійна-прававых сістэм. Паводле статыстыкі іслам вызнаюць больш за 1 мільярд жыхароў планеты, а 46 дзяржаў лічаць сябе ісламскімі.

З пункту гледжання правоў чалавека мусульманскае права прадстаўляе сабой унікальны комплекс пастулатаў, якія часам супярэчаць адзін аднаму. Так, напрыклад, у краінах мусульманскай прававой сям'і не знайшла спрыяльных умоў для развіцця натуральна-прававая дактрына: часткова нормы аб правах чалавека, якія змяшчаюцца ў мусульманскім прававым масіве, супярэчаць палажэнням у ісламе (права на жыццё і палажэнне аб смяротным пакаранні, права на свабоду думак і веравызнанняў, раўнапраўе для мужчын і жанчын). Таксама ў мусульманскіх краінах адсутнічае прававы механізм абароны і гарантый правоў і свабод чалавека: ісламскія краіны перакананыя ў тым, што прынцыпы ісламскай канцэпцыі (шарыят) з'яўляюцца галоўным арыенцірам у пытаннях вызначэння правоў чалавека.

Ісламская канцэпцыя правоў чалавека ўяўляе сабой сукупнасць дапушчальных ісламам нормаў, якія рэгулююць узаемаадносіны ісламскіх дзяржаў з мусульманамі і немусульманамі на тэрыторыі мусульманскіх дзяржаў, накіраваных на абарону правоў і свабод чалавека.

Гэтая канцэпцыя з'яўляецца вельмі абмежаванай рамкамі рэлігіі і духоўных установак, прынятых у ісламскім грамадстве. У ісламе канцэпцыя правоў чалавека будуецца на перакананасці ў тым, што Усявышні, і адзіны ён, з'яўляецца аўтарам закона і крыніцай правоў чалавека. Правы чалавека, падараваныя Усявышнім, не могуць праз сваё боскае паходжанне быць скарочаныя ці ліквідаваныя кіраўніцтвам краіны.

Спецыфіка ісламскай канцэпцыі правоў чалавека складаецца з:

  1. Вяршэнства правоў чалавека, заснаваных на шарыяце, у адносінах да дзяржаўных законаў ці міжнародна-прававых актаў.
  2. Злітнасць правасвядомасці з нормамі, гатоўнасць мусульман выконваць нормы без умяшальніцтва дзяржавы і адмысловы апарат прымушэння, што абумоўлена глыбокімі адрозненнямі на ўзроўні прынцыповых падыходаў да разумення прававога статусу асобы і характару адносін індывіда з уладамі.

У сучаснай ісламскай тэорыі правоў чалавека вызначыліся дзве тэндэнцыі - рысы на культурна-цывілізацыйную своеасаблівасць, унікальнасць шарыята, апануючага іншым прававым сістэмам, і руху па шляху глабалізацыі ў кірунку збліжэння ісламскай прававой думкі з агульнасусветнымі падыходамі да правоў чалавека.

Крыніцы ісламскай канцэпцыі правоў чалавека

[правіць | правіць зыходнік]

Унутрыдзяржаўнымі крыніцамі ісламскай канцэпцыі правоў чалавека з’яўляюцца Каран, Суна, Іджціхад, судовае рашэнне і іншыя ісламскія пагадненні па правах чалавека. У асноўных крыніцах — Каране і Суне — прысутнічаюць выслоўі, накіраваныя на абарону правоў чалавека:

«Дык чаго б вам не пусціцца ў бітвы за шлях Божы, і дзеля абароны слабых з мужоў, жонак, дзяцей, якія гавораць: Госпадзе наш! Выведзі нас з гэтага горада, жыхары якога не знаюць закону; пастаў нам ад Сябе абаронцу, пастаў нам заступніка»

У цэлым, зыходзячы з прынцыпу вяршэнства шарыяту, мусульманскія юрысты выдзяляюць каля 70 вершаў (аятаў) Карана, прысвечаных правам і абавязкам чалавека. У іх аснове ляжаць такія высновы, як чалавечая годнасць і свабода чалавека, роўнасць і справядлівасць.

Найважнейшыя міжарабскія дакументы таксама нясуць на сабе адбітак характару дактрыны правоў чалавека, прынятай у мусульманскай прававой сям’і і шмат палажэнняў у іх супадаюць з міжнароднымі стандартамі.

Зыходзячы з таго, што існуючыя ўніверсальныя міжнародна-прававыя акты ў галіне правоў чалавека не ўлічваюць спецыфічнасць ісламскага падыхода да дадзенай праблемы, ісламскія краіны распрацавалі і прынялі адпаведныя дакументы. Сярод іх трэба адзначыць наступныя: Усеагульная ісламская дэкларацыя правоў чалавека 1980 года, Каірская дэкларацыя правоў чалавека 1990, Арабская хартыя правоў чалавека 1994 года.

Усеагульная ісламская дэкларацыя правоў чалавека была прынята на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай прароку Мухамеду (12-15 красавіка 1980 года). У ёй адзначаецца, што яна аснована на Каране і Суне і распрацавана вядомымі мусульманскімі юрыстамі і прадстаўнікамі ісламскіх рухаў. Далей падкрэсліваецца, што з прычыны боскага паходжання правоў чалавека (дадзеных Алахам) ніякі кіраўнік ці ўрад, ніякая асамблея ці ўлада не могуць гэтыя правы абмежаваць, адмяніць ці нейкім чынам парушыць.

Палажэнні Каірскай дэкларацыі з’яўляюцца запазычаннямі з шарыята. «Асноўныя правы і свабоды разглядаюцца як частка мусульманскай рэлігіі, іх дараваў чалавеку Бог у выглядзе адкрыццяў Свяшчэннага пісання ці перадаў Прарок у выглядзе дзеяў і выслоўяў. З улікам боскага паходжання асноўныя правы і свабоды не падлягаюць парушэнню праз людзей ці зменам праз іх учынкі».

Каталог асноўных правоў чалавека ў ісламе

[правіць | правіць зыходнік]

У ісламе зацвярджаюцца эканамічныя, сацыяльныя, культурныя, грамадзянскія і палітычныя правы. Яны падобныя на тыя, якія змяшчаюцца ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнародных пактах і канвецыях ААН.

1. Грамадзянскія, палітычныя і культурныя правы

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнае месца сярод гэтых правоў займае права на жыцце. Згодна з Усеагульнай ісламскай дэкларацыяй правоў чалавека 1980 года, чалавечае жыцце з'яўляецца свяшчэнным правам, на абарону якога павінны быці кінуты ўсе сілы. Пры гэтым асбслівая ўвага надаецца абыходжанню з целам нежывога чалавека. «Як і ў жыцці, так і пасля смерці святасць чалавечага цела мусіць застацца непарушнай. Належны догляд памерлага цела — абавязак вернікаў».

У гэтым, як і ў некаторых іншых пытаннях, ісламскае права выходзіць за мяжы таго, што ўтрымліваецца ў міжнародных канвенцыях і дэкларацыях. Побач з правам на жыцце зацвярджаецца забарона на выкарыстанне катаванняў, знявагі, гвалту, асабліва пры атрыманні паказанняў у судзе.

Так, як і ва Універсальнай дэкларацыі правоў чалавека, у ісламе прызнаецца права на сям’ю і прыватнае жыцце, права на свабоду перамяшчэнняў і месца жыхарства, права на асабістую культуру і мову, а таксама права на свабоду сумлення. Універсальная ісламская дэкларацыя правоў чалавека 1980 года адназначна сцвярджае: «кожны чалавек мае права на свабоду сумлення і веравызнання адпаведна ягоным рэлігійным перакананням», што вынікае з каранічнага прадпісання аб тым, што не павінна быць ніякага прымусу ў выбары рэлігіі. Таксама даволі цікавым з’яўляецца тлумачэнне ў Ісламскай дэкларацыі права на свабоду перамяшчэння і выбара месца жыхарства. У адмысловым артыкуле гаворыцца: «свет Ісламу — на самай справе Умма Ісламія (сусветнае супольніцтва мусульман), і кожны мусульманін мусіць мець права вольна ўехаць у любую мусульманскую краіну і права вольна пакінуць яе».

Сярод палітычных правоў асобнае месца займаюць палажэнні аб тым, што «кожны чалавек і кожны народ мае неадчужальнае права на свабоду ва ўсіх яе відах: фізічную, культурную, эканамічную і палітычную – і яны мусяць мець права змагацца ўсімі магчымымі спсабамі проці любога парушэння ці знявагі гэтых правоў; і кожны прыгнечаны чалавек ці народ мае законнае права падтрымліваць іншых людзей ці народы ў гэтым змаганні». Іслам сцвярджае: «пратэст і змаганне супраць прыгнёту — права і абавязак кожнага мусульманіна, нават калі яму процістаіць кіраўнік дзяржавы». Права на пратэст звязана з правам кожнага чалавека браць удзел індывідуальна ці калектыўна ў рэлігійным, смацыяльным, палітычным ці культурным жыцці свайго грамадства і засноўваць спецыяльныя інстытуты, прызначаныя дзеля таго, што правільна (маруф) і дзеля прадухілення недазволенага (мункар). Да палітычных правоў таксама трэба аднесці права на прытулак (сховішча). Згодна з артыкулам 9 кожны пераследуемы ці прыгнечаны мае права на сховішча. Гэта права маюць усе людзі незалежна ад расы, рэлігіі, колеру скуры і пола. Аль Масджыд Аль Харам – Запаветная Мячэць у Мекке з’яўляецца месцам сховішча для ўсіх мусульман.

Што тычыцца свабоды слова і друку, то існуе цэнзура. Так, згодна з артыкулам 19 Канстытуцыі Пакістана свабода слова і друку «можа быць памяркоўна абмежавана законам у інтарэсах славы ісламу». Канстытуцыі і законы такіх краін, як ААЭ, Марока, Іран, забараняюць друк дакументаў, зневажаючых годнасць ісламу, таксама свабода мірных сходаў і шэсцяў можа быць рэалізована толькі пры ўмове, што яна не супярэчыць ісламскім каштоўнасцям. Таксама ісламская канцэпцыя правоў чалавека зацвердзіла інстытут судовай абароны правоў у выпадку іх парушэння. Сюды можна аднесці права на правасуддзе, на непрадузяты суд, на абарону ад злоўжывання ўладай. Таксама палажэнні артыкула аб непрадузятым судзе дазваляюць казаць аб прэзумпцыі невінаватасці, напрыклад «ніхто не павінен быць прызнаны вінаватым і прыгавораны да кары, калы ягоная віна не даказана незалежным і бесстароннім судом. Ніхто не павінен быць прызнаны вінаватым да пастановы ці прыгавора бесстаронняга незалежнага суда, при ўмове, што падсуднаму дадзены нармалныя магчымасці для абароны».

2. Эканамічныя і сацыяльныя правы

[правіць | правіць зыходнік]

Сярод эканамічных правоў асобнае месца займае закят, які выступае як права бедных на валоданне часткай багацця ўсяго грамадства, ён выступае адным з пяці слупоў ісламу і з’яўляецца неадчужальным і бясспрэчным правам у ісламе. (Каран: «І на іхнае багацце ёсць права галодных і нэндзных» (51:12)).

Існуе мноства і іншых эканамічных правоў, якія дае іслам, асабліва для бедных і тых, хто жыве ў нястачы. Усе людзі, напрыклад, павінны мець доступ да ежы, адзення, жылля, медыцыны і адукацыі, незалежна ад пола, колеру скуры, рэлігіі.

Адначасова, «кожны работнік мае права на справядлівую нагароду за сваю працу. Не павінна быць дыскрымінацыі на аснове расы, полу, колеру скуры ці рэлігійных перакананняў чалавека». Тым, хто не можа клапаціцца пра сябе з-за часовага ці пастаяннага недамагання ці інваліднасці, грамадства абавязана даць сацыяльнае забеспячэнне.

Канцэпцыя ісламскага эканамічнага парадку і эканамічных правоў у канцэнтраваным выглядзе ўтрымліваецца ва Усеагульнай ісламскай дэкларацыі правоў чалавека:

  1. у сваёй гаспадарчай дзейнасці ўсе людзі маюць права карыстацца прыроднымі багаццямі. Гэта багацці, дараваныя Алахам у інтарэсах усяго чалавецтва;
  2. усе людзі маюць права здабываць сродкі да існавання ў адпаведнасці з Законам (Шарыятам);
  3. кожны чалавек мае права на маёмасць, якой валодае ідывідуальна ці разам з другімі. Нацыяналізацыя некаторых эканамічных сродкаў законная з пункту гледжання грамадскіх інтарэсаў;
  4. жабракі маюць права на частку маёмасці багатых, якая ўсталявана закятам і выдзяляецца ў адпаведнасці з Законам;
  5. усе сродкі вытворчасці павінны выкарыстоўвацца ў інтарэсах усёй суполкі (Умы), забараняецца не прымаць іх у разлік і дрэнна імі распараджацца;
  6. для забеспячэння развіцця збалансаванй эканомікі і абароны грамадства ад эксплутацыі ісламскі Закон забараняе манаполіі, празмерна абмежавальную камерцыйную дзейнасць, ліхвярства, выкарыстанне прымусовых мер на заключэнне пагадненняў і публікацыю ілжывай рэкламы;
  7. у грамадстве дазваляюцца ўсе віды эканамічнай дзейнасці, калі яны не шкодзяць інтарэсам суполкі (Умы) і не парушаюць ісламскія законы і каштоўнасці.