Пакістан

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Пакістан
اسلامی جمہوریہ پاکِستان
Islamic Republic of Pakistan
Flag of Pakistan.svg Герб Пакістана
Сцяг Пакістана Герб Пакістана
Pakistan in its region (claimed and disputed hatched).svg
Дэвіз: «Iman, Ittehad, Nazm (Вера, Адзінства, Дысцыпліна)»
Гімн: «Qaumi Tarana»
Дата незалежнасці 14 жніўня 1947 (ад Вялікабрытаніі)
Афіцыйная мова урду і англійская
Сталіца Ісламабад
Найбуйнейшыя гарады Карачы, Лахор, Фейсалабад
Форма кіравання змяшаная рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Мамнун Хусейн
Шахід Хакан Абасі
Дзярж. рэлігія іслам (суніцкага толку)
Плошча
• Усяго
35-я ў свеце
803 940 км²
Насельніцтва
• Ацэнка (2012)
Шчыльнасць

190 291 129[1]. чал. (6-я)
224,9 чал./км²
ІРЧП  0,504 (145-ы)
Валюта пакістанская рупія
(PKR, код 118)
Інтэрнэт-дамен .pk
Тэлефонны код +92
Часавыя паясы +5 (зімой), +6 (летам)

Пакіста́ндзяржава ў Паўднёвай Азіі. Мяжуе з Афганістанам (2430 км) і Іранам (909 км) на захадзе, з Індыяй (2912 км) на ўсходзе, з Кітаем (523 км) на паўночным усходзе, мае выхад да Аравійскага мора шырынёй у 1046 кіламетраў на поўдні.

На поўначы знаходзяцца горы Гіндукуш вышынёй да 7690 м (гара Тырычмір), на паўночным усходзе — адгор'і Гімалаяў.

Пакістан абвясціў незалежнасць 14 жніўня 1947 года ў якасці брытанскага дамініёна. 28 лютага 1956 года Устаноўчы Сход Пакістана зацвердзіў Статут дзяржавы. 23 мая 1956 уступіў у сілу Статут, па якім Пакістан стаў першай у свеце ісламскай рэспублікай (Дзень Рэспублікі). Дзяржаўныя мовы — урду і англійская, шырока ўжываюцца мовы пенджабі, сіндхі, пушту. Сталіца — Ісламабад, найбуйнейшыя гарады, галоўныя эканамічныя цэнтры — Карачы і Лахор.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Старажытны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Статуэтка жраца з Махенджа-Дара

У III—II тысячагоддзях да н. э. на тэрыторыі Пакістана быў цэнтр адной з самых старажытных цывілізацый у гісторыі чалавецтва — Харапскай. У II тыс. да н. э. тэрыторыю Пакістана засялілі арыі. Пасля паходаў Аляксандра Македонскага ў заходнеіндыйскія мегаполісы (такія, як Таксіла) пранікае дух элінізму. Утвараецца магутнае Кушанскае царства — першы ачаг распаўсюджвання будызму.

З VIII ст. н. э. на тэрыторыі краіны пачынаецца распаўсюджванне ісламу. У сярэднія вякі ўтвараюцца буйныя мусульманскія дзяржавы на чале з Газневідамі і Гурыдамі. У XIII ст. тэрыторыя ўваходзіць у склад Мангольскай імперыі. Пасля распаду Мангольскай імперыі тэрыторыя ўваходзіць у дзяржаву Цімурыдаў, якая распадаецца на некалькі дзяржаў. Адзін з прадстаўнікоў дынастыі Цімурыдаў у XVI ст. заснаваў імперыю Вялікіх Маголаў. Пасля распаду якой у XVIII ст. адбываецца ўздым сікхскага нацыяналізму ў Сіндзе, Белуджыстане, Пенджабе.

Каланіяльны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У XIX ст. тэрыторыя сучаснага Пакістана была захоплена англійскімі войскамі і ўключана ў склад Брытанскай Індыі.

Адным з духоўных заснавальнікаў дзяржавы быў паэт Ікбал, кіраўнік Мусульманскай Лігі, арганізацыі прыхільнікаў самастойнага развіцця мусульманскіх тэрыторый. Іменна Ікбал прапанаваў у 1930 годзе стварыць незалежную мусульманскую дзяржаву, у якую ўвайшлі б Пенджаб, Сінд, Паўночна-заходняя пагранічная правінцыя (ПЗПП) і Белуджыстан. Назву для дзяржавы яшчэ ў 1933 годзе прапанаваў студэнт-мусульманін Чаудхуры Рахмат Алі, які вучыўся ў Кембрыджы. Пакістан літаральна азначае «краіна чыстых», гэта акронім: «П» — ад Пенджаба, «А» — ад афганцаў з мяжы (гэта значыць пуштунаў ПЗПП), «К» — ад Кашміра, «С» — ад Сінда, а «тан» — ад Белуджыстана. 23 сакавіка 1940 года ў Лахоры была прынята гістарычная Лахорская рэзалюцыя, якая абвяшчала прынцыпы існавання мусульманскай абшчыны ў незалежнай дзяржаве.

Сучасны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У 1947 пры раздзеле Брытанскай Індыі дзякуючы намаганням Мусульманскай лігі[2] утварылася дзяржава Пакістан, у якую ўвайшлі паўночна-ўсходнія і паўночна-заходнія раёны Індастана пераважна з мусульманскім насельніцтвам. Першым генерал-губернатарам Пакістана ў якасці самастойнай адміністрацыйнай адзінкі быў Джына, першым прэм'ер-міністрам краіны — Ліякат Алі Хан. У 1958 годзе ў краіне адбыўся першы ваенны пераварот, да ўлады прыйшоў генерал Мухамед Аюб Хан.

У 1965 і 1971 гадах Пакістан вёў войны з Індыяй. У 1971 годзе Усходні Пакістан становіцца незалежнай дзяржавай Бангладэш. У 1977 годзе адбыўся ваенны пераварот. У гэты перыяд Пакістан выступаў на баку ЗША і падтрымліваў маджахедаў, якія вялі антыўрадавую вайну ў суседнім Афганістане. У Пакістане размяшчаліся трэніровачныя лагеры маджахедаў. Пасля гібелі прэзідэнта Зія-уль-Хака у авіяцыйнай катастрофе 17 жніўня 1988 года ўлада перайшла да грамадзянскага ўрада.

Выконваючы абавязкі прэзідэнта Гулам Ісхак Хан назначыў новыя выбары ў парламент, на якіх Пакістанская народная партыя атрымала адносную большасць. Прэм'ерам краіны стала Беназір Бхута. Новы ўрад вярнуў дэмакратычныя правы і свабоды і адмяніў надзвычайнае становішча. Тым не менш, сітуацыя ў краіне працягвала пагаршацца, раз-пораз успыхвалі ўзброеныя сутыкненні ў Сіндзе. У жніўні 1990 года ўрад Бхута быў адпраўлены ў адстаўку.

Пасля праведзеных выбараў новым прэм'ерам стаў Наваз Шарыф.

У 1990-я гады адбываецца развіццё ядзернай праграмы Пакістана пад кіраўніцтвам Абдул Кадыр Хана, што стала прычынай увядзення ЗША санкцый супраць Пакістана. У 1999 годзе адбыўся ваенны пераварот, да ўлады прыйшоў генерал Первез Мушараф.

З пачатку 2000-х гадоў паўночна-заходні рэгіён Пакістана Вазірыстан з'яўляецца апорай руху Талібан. У 2004 у талібы захапілі фактычную ўладу ў рэгіёне.

Пасля 11 верасня 2001 года Пакістан афіцыйна спыніў падтрымку рэжыму талібаў і падтрымаў умяшанне ЗША супраць талібаў.

18 лютага 2008 года ў Пакістане прайшлі ўсеагульныя выбары, якія з-за забойства Беназір Бхута былі перанесены з 8 студзеня 2008 года. На выбарах Пакістанская народная партыя атрымала большасць галасоў і сфарміравала альянс з Пакістанскай мусульманскай лігай. 18 жніўня 2008 года Первез Мушараф сышоў з пасады прэзідэнта Пакістана ва ўмовах пагрозы імпічмента. У ходзе прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся пасля гэтага, кандыдат Пакістанскай народнай партыі Асіф Алі Зардары атрымаў перамогу і стаў прэзідэнтам Пакістана.

Па дадзеных на чэрвень 2009 года[3] тэрыторыі Пакістана, пагранічныя з Афганістанам, амаль не кантралююцца ўладамі гэтай дзяржавы. 7 мая 2009 года прэм'ер-міністр Пакістана Юсуф Рэза Гілані аб'явіў, што ён аддаў загад арміі знішчыць тэрарыстаў. Пачаліся баі з прымяненнем авіяцыі, танкаў і артылерыі з мэтай захапіць адміністрацыйны цэнтр акругі Сват — горад Мінгора.

28 красавіка 2011 года адбыўся пагранічны канфлікт паміж Афганістанам і Пакістанам каля горада Ангур-Ада(англ.) бел.. 12 салдат узброеных сіл Афганістана і адзін пагранічнік Пакістана загінулі ў ходзе бою. Тры пакістанскія пагранічнікі і восем мірных жыхароў Ангур-Ады атрымалі раненні[4].

Дзяржаўны лад[правіць | правіць зыходнік]

Пакістан — парламенцкая федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973 года з папраўкамі. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (мусульманін), які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з дэпутатаў парламента і прадстаўнікоў заканадаўчых сходаў 4 правінцый тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму парламенту — Нацыянальнай асамблеі (237 дэпутатаў, з якіх 217 выбіраюцца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў, а 20 (жанчыны) — новым складам Нацыянальнай асамблеі) і сенату (87 членаў выбіраюцца заканадаўчымі сходамі правінцый на 6 гадоў). Кожныя 3 гады абнаўляецца палавіна складу сената. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм'ер-міністрам, які выбіраецца большасцю галасоў Нацыянальнай асамблеі.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Ледавік Балтора

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Алювіяльная нізіна даліны Інда з'яўляецца заходняй часткай Інда-Гангскай раўніны, размешчанай на ўскраіне Індастанскай платформы. Яна амаль цалкам ляжыць ніжэй за 200 м і адрозніваецца аднастайным манатонным рэльефам з малымі ўхіламі. Большая частка нізіны па левабярэжжы Інда занятая пустыняй Тар. Заходнюю і паўночна-заходнюю часткі Пакістана займаюць ускрайкавыя хрыбты Іранскага нагор'я — Макраны, Кіртхар, Чагаі, Табакакар, Сулейманавы горы, якія ўяўляюць сабой амаль паралельныя ланцугі гор вышынёй да 3452 м. Схілы хрыбтоў, звернутыя да Аравійскага мора і Інда-Гангскай раўніны, — стромкія; супрацьлеглыя, якія паніжаюцца да пласкагор'я Белуджыстан, — спадзістыя. У межах Белуджыстана высокія (да 3000 м), адносна выраўнаваныя ўчасткі чаргуюцца з міжгорнымі катлавінамі. Найбольш магутныя горныя ланцугі з рачнымі далінамі і пакрытыя буйнымі ледавікамі размешчаны на крайнім поўначы Пакістана і адносяцца да горных сістэм Гіндукуша, Гімалаяў і Каракарума. Апошні размешчаны на кантраляванай Пакістанам часткі Кашміра. Вышэйшыя пункты краіны — гара Тырычмір (7690 м) у Гіндукушы і гара Чагары (8611 м) у Каракаруме. На тэрыторыі Пакістана размяшчаецца каля 40 вяршыняў, якія перавышаюць 7000 метраў. Усе горныя раёны Пакістана адносяцца да маладога Альпійскай-Гімалайскага рухомага пояса. Найважнейшымі карыснымі выкапнямі з'яўляюцца нафта, газ і каменны вугаль з асадкавых комплексаў ускраін Індастанскай платформы і руды чорных і каляровых металаў у складчатых абласцях.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Клімат у Пакістане сухі кантынентальны трапічны, на паўночным захадзе — субтрапічны, у гарах на поўначы краіны — больш вільготны з выразна выяўленай высотнай пояснасцю. Зіма на раўніне цёплая (12-16 °C, на ўзбярэжжы да 20 °C), у высакагор'ях — суровая (да −20 °C). Лета гарачае (у пустынях 35 °C, на ўзбярэжжы 29 °C, у гарах і на пласкагор'я Іранскага нагор'я 20-25 °C), у высакагор'ях — марознае (на вышынях ад 5000 м — ніжэй 0 °C). Ападкаў у год выпадае ад 50 мм у пустыні Тар, да 100—200 мм у Сіндзі, 250—400 мм у далінах і на пласкагор'я Іранскага нагор'я, 350—500 мм у перадгор'ях і 1000—1500 мм у гарах на поўначы краіны. Большая частка ападкаў выпадае падчас паўднёва-заходняга мусона (у ліпені — верасні), у межах Іранскага нагор'я — у зімова-вясновы перыяд.

Гідралогія[правіць | правіць зыходнік]

Найбуйнейшай ракой Пакістана з'яўляецца Інд, яго басейну належыць большая частка краіны. Рэкі на захадзе — або бясцёкавыя, або маюць мясцовы сцёк у Аравійскае мора. Галоўны прыток Інда — Сатледж, які збірае вады асноўных рэк Пенджаба (Чынаб, Раві, Джэлам, Біяс) і аддае ваду буйным арашальным каналам (Дыпалпур, Пакпатан, Панджнад). На буйных рэках адзначаюцца летнія паводкі, абумоўленыя мусоннымі дажджамі і раставаннем ледавікоў у гарах.

Фаўна[правіць | правіць зыходнік]

Жывёльны свет Пакістана прадстаўлены інда-афрыканскімі, цэнтральнаазіяцкімі і міжземнаморскіх відамі. З буйных млекакормячых ў гарах водзяцца леапард, барс, буры і белагруды мядзведзь, лісіца, дзікія казлы і бараны, персідская газель; на раўнінах — гіены, шакалы, дзікі, антылопы, джэйраны, куланы, дзікія аслы, грызуны. Разнастайны свет птушак (арлы, грыфы, паўліны, папугаі). Шмат змей, у тым ліку ядавітых, у Індзе водзяцца кракадзілы. З бесхрыбтовых распаўсюджаныя скарпіёны, малярыйныя камары. Аравійскае мора багатае рыбай (тунец, селядзец, марскі акунь, індыйскі ласось), ракападобнымі (крэветкі) і марскімі чарапахамі.

Флора[правіць | правіць зыходнік]

Расліннасць Пакістана — пераважна паўпустынная і пустынная, найбольш бедная — у пустыні Тар, дзе пераважаюць пясчаныя грады. На раўніне Інда натуральная расліннасць — паўпустынныя саваны (чый, палын, каперсы, астрагалы, уздоўж Інда і іншых рэк — паласы Туга, у дэльце Інда і ўздоўж узбярэжжа Аравійскага мора — месцамі мангравыя зараснікі. На Іранскім нагор'і распаўсюджаныя фармацыі калючых падушкападобных кустоў, у гарах Белуджыстан — рэдкія зараснікі фісташкі і арчы. У гарах на поўначы краіны на вышыні 1500-3000 м — асобныя ўчасткі лістападных (дуб, каштан) і іглічных (елка, піхта, хвоя, гімалайскі кедр) лясоў. У далінах паблізу паселішчаў — плантацыі фінікавай пальмы, цытрусавых, маслін, фруктовыя сады. Уздоўж арашальных каналаў частыя насаджэнні шаўкоўніцы.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Цэнтр горада Карачы

Пакістан — шматнацыянальная краіна. Найбуйнейшыя народы належаць да індыйскай групы індаеўрапейскай моўнай сям'і: пенджабцы (пераважна правінцыя Пенджаб), пуштуны (раёны на паўночным захадзе), сіндхі (паўднёвая частка даліны Інда), белуджы (Белуджыстан). Жывуць таксама брагуі, кхто, кахістанцы. выхадцы з Індыі і Ірана. Амаль усе вернікі мусульмане (сунітаў 77 %, шыітаў 20 %). Сярэднегадавы прырорст 1,7 % (1999). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 171,8 чал./км², найбольш на арашальных землях у даліне Інда і яго прытокаў да 500 чал./км², у гарах і пустынных раёнах — каля 10-20 чал./км². Гарадское насельніцтва 35 %. Буйнейшыя гарады: Карачы, Лахор, Фейсалабад, Хайдарабад, Равалпіндзі, Мултан, Пешавар, Гуджранвала. У сельскай гаспадарцы занята 43 % працаздольных, у прамысловасці — 17 %, астатнія ў галіне абслугоўвання.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Гандляр тканінай у Карачы

Пакістан — індустрыяльна-аграрная краіна з шматукладнай эканомікай. Сельская гаспадарка працягвае граць вялікую ролю ў эканоміцы краіны і займае 20,8 % усяго ВНП, хоць прамысловасць актыўна развіваецца і складае 24,3 % ВНП (у 2009 годзе). Пры гэтым у сельскай гаспадарцы занята 43 % працоўных, а ў прамысловасці — 20 %. Узровень беспрацоўя — 15,2 % (у 2009 годзе).

Характарызуецца высокай залежнасцю ад умоў надвор'я, ад якіх наўпрост залежаць такія галіны як сельская гаспадарка, тэкстыльная прамысловасць, гідраэнергетыка, водны транспарт.

У Пакістане яскрава праяўляюцца прасторавыя адрозненні ў гаспадарцы, абумоўленыя сумесным дзеяннем розных фактараў. Вылучаюцца 4 гісторыка-геаграфічныя вобласці, якія ў тэрытарыяльным плане блізка супадаюць з адміністрацыйнымі правінцыямі — Пенджабам, Сіндам, Белуджыстанам і Хайбер-Пахтунхва, уключаючы ў апошнюю раёны плямёнаў. Пенджаб найбольш вылучаецца аграрнай вытворчасцю, тут вырошчваюць да 2/3 пшаніцы, бавоўніка і цукровага трыснёга.

У 2000-х гадах эканоміка Пакістана паказвала ўстойлівы эканамічны рост прыкладна 7 % у год. Дзве траціны пакістанскага экспарту складае прадукцыя тэкстыльнай і швейнай прамысловасці.

Урад Первеза Мушарафа праводзіў адносна ліберальную эканамічную палітыку, за апошнія гады былі прыватызаваныя некалькі буйных банкаў, найбуйнейшая тэлекамунікацыйная кампанія.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Культура Пакістана заснавана на мусульманскай спадчыне, але таксама ўключае і даісламскія традыцыі народаў Індыйскага субкантынента. Сур'ёзны ўплыў на яе аказала і стагадовае брытанскае панаванне. У апошнія дзесяцігоддзі, асабліва сярод моладзі, прыкметны і ўплыў амерыканскай культуры: папулярныя галівудскія фільмы, амерыканскія відэагульні, мультфільмы, коміксы, кнігі, а таксама мода (нашэнне джынсаў і бейсболак), фастфуд, напоі і г. д.

Музыка[правіць | правіць зыходнік]

У музыцы і танцах лакальныя тэндэнцыі, назіраныя ў Пенджабе, Хайбер-Пахтунхва, Сіндзі і Белуджыстане, рэзка адрозніваюцца ад тых, якія характэрныя для абшчыны ўрдумоўных пакістанцаў. У першым выпадку прасочваецца ўпор на народныя песні і танцы, тады як у культуры ўрду гэты матыў адступіў на другі план. Прычына заключаецца галоўным чынам у тым, што большасць жыхароў краіны, якія размаўляюць на гэтай мове, належаць да мухаджыраў, якія пазбавіліся каранёвых сувязяў з роднымі месцамі ў Індыі. Савет мастацтваў Пакістана імкнецца захаваць устойлівасць рэгіянальных стыляў у танцах, музыцы, скульптуры і жывапісу.

Адукацыя і навука[правіць | правіць зыходнік]

Толькі 63% пакістанскіх дзяцей скончылі пачатковую школу[5]. Акрамя таго, толькі 68% пакістанскіх хлопчыкаў і 72% дзяўчынак дасягаюць 5 класа[6]. Стандарты нацыянальнай сістэмы адукацыі Пакістана запазычаныя з брытанскай сістэмы адукацыі. Дашкольную адукацыю прызначана для дзяцей 3-5 гадоў, і складаецца з трох этапаў: гульнявыя групы, яслі і дзіцячы сад. Пасля дашкольнай адукацыі, вучні паступаюць у пачатковую школу. У сярэдняй школе практыкуецца паасобнае навучанне дзяўчынак і хлопчыкаў, аднак, у буйных гарадах таксама існуюць школы з сумесным навучаннем. Восем базавых дысцыплін — гэта урду, англійская, матэматыка, выяўленчае мастацтва, навука, грамадскія навукі, ісламазнаўства і інфарматыка. У праграмы некаторых школ таксама ўключаюцца мовы краін-суседзяў Пакістана, у прыватнасці: арабская, французская і кітайская мовы.

Спорт[правіць | правіць зыходнік]

Самыя распаўсюджаныя віды спорту ў Пакістане — футбол, хакей на траве, вялікі і настольны тэніс, барацьба, бокс, цяжкая атлетыка, гольф, пола, плаванне, сквош, бейсбол і крыкет.

Крыкет[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш папулярны від спорту ў краіне — крыкет. Зборная каманда Пакістана па крыкету з'яўляецца адной з наймацнейшых у свеце і змагаецца за лідарства ў міжнародных спаборніцтвах з сапернікамі з Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Індыі. У 1992 годзе Пакістану ўдалося выйграць Кубак свету па крыкету. З мэтай кіраўніцтва і кантролю за развіццём крыкету створаны адмысловы нацыянальны камітэт[7]. Шахід Афрыдзі — былы капітан зборнай Пакістана па крыкету.

Хакей на траве[правіць | правіць зыходнік]

З алімпійскіх відаў спорту хакей на траве безумоўна з'яўляецца найбольш паспяховым для Пакістана. Са сваіх 10 алімпійскіх медалёў за ўсю гісторыю пакістанцы 8 выйгралі менавіта ў мужчынскім хакеі на траве, у тым ліку усё золата і срэбра. Тройчы (1960, 1968 і 1984) пакістанцы станавіліся алімпійскімі чэмпіёнамі, тройчы выйгравалі срэбра (1956, 1964, 1972) і двойчы бронзу (1976 і 1992). Такім чынам з 1956 па 1984 гады Пакістан выйграваў ўзнагароды на ўсіх 7 Алімпіядах, у якіх прымаў удзел (Гульні-1980 у Маскве Пакістан байкатаваў). Менавіта Пакістану ў 1960 годзе ў Рыме атрымалася перапыніць пераможную серыю Індыі, якая выйгравала золата на 6 Алімпіядах запар (у фінале Пакістан абыграў Індыю з лікам 1-0). Бронза хакеістаў на Алімпіядзе-1992 у Барселоне застаецца на дадзены момант апошняй алімпійскай узнагародай пакістанцаў. Яшчэ дзве алімпійскія ўзнагароды прынеслі Пакістану барэц вольнага стылю Махамад Башыр (бронза ў 1960 годзе) і баксёр Саід Хусейн Шах (бронза ў 1988 годзе).

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. CIA - The World Factbook
  2. История Пакистана, 2008, с. 63
  3. Пакистан//Военное зарубежное обозрение, № 6 2009
  4. Pak-Afghan relations: Border clash mars peace overtures (28 апреля 2011).
  5. Stuteville, Sarah. seattletimes.nwsource.com/html/localnews/2009670134_pakistanschool16.html , The Seattle Times (August 16, 2009).
  6. www.unfpa.org/swp/2009/en/pdf/EN_SOWP09_ICPD.pdf (PDF). Архівавана з першакрыніцы 22 жніўня 2011.
  7. Люди Пакистана и их образ жизни

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]