Перайсці да зместу

Адцягненне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Адцягне́нне, таксама абстра́кцыя ці абстрагава́нне — (лац. «abstractio», ад прыстаўкі «abs-» «ад-» і дзеяслова «trachere» — цягнуць) — акт думкі, якім агульныя або падобныя ў тых ці іншых адносінах прыкметы шматлікіх ўяўленняў адлучаюцца ад іх і разглядаюцца асобна, са значэннем лагічных і граматычных дзейнікаў.

Такія мысленныя прадукты падпадаюць пад далейшыя працэсы адцягнення — і ў выніку атрымліваюцца адцягненыя (абстрактныя) уяўленні і паняцці розных узроўняў. Так, напрыклад, агульная для многіх сініх прадметаў прыкмета ўтварае адцягненае ўяўленне сіні, ад якога, у злучэнні з падобнымі ж адцягненымі ўяўленнямі жаўцізны, чырвані і г. д., адцягваецца ўжо на новым узроўні агульнасці ўяўленне колеру, а ад яго, у злучэнні з уяўленнямі абрысу, памеру і пад., новае, больш агульнае ўяўленне бачнай уласцівасці, далей, праз супастаўленне са слыхавым, датыкальным і г. д. — паняцце пачуццёвай уласцівасці, якое, будучы супастаўлена з іншага роду ўласцівасцямі, дае паняцце якасці наогул, а ад яго, у супастаўленні з паняццем колькасці, атрымліваецца адцягненае паняцце быцця.

Хоць усё, што мысліцца намі, можна прадставіць адцягнена альбо ў форме агульнага паняцця, але далёка не ўсё, па паходжанню і свайму значэнню, можна звесці цалкам да адцягнення. Незводнымі да яго варта прызнаць, па-першае, катэгорыі розуму, якія складаюць яго ўласную прыроду, а не прадукты яго дзейнасці, па-другое, ідэі нармальнага характару, не адцягненыя ад таго, што дадзена ў рэчаіснасці, якія выказваюць тое, што павінна быць, што патрабуецца ці мяркуецца нашым духам.

Мастацкая абстракцыя, з'яўляючыся спосабам мастацкага мыслення і пабудовы вобразу рэальнасці, прадугледжвае адмаўленне другараднага і акцэнтацыю ўвагі на найбольш значных рысах аб'екта мастацтва, абагульненне іх характарыстык і тыповых якасцей. Фарміруецца з дапамогай такіх мастацкіх сродкаў, як тыпізацыя, індывідуалізацыя, ідэалізацыя і інш.