Аўкштайцкі нацыянальны парк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аўкштайцкі нацыянальны парк
Aukštaitijos nacionalinis parkas

Возера Лушай
Катэгорыя МСАП — II (Нацыянальны парк)
Размяшчэнне ЛітваАўкштайція
Найбліжэйшы горад Ігналіна
Плошча 40 574 гектараў
Дата заснавання у 1974 годзе
Сайт aparkai.lt (літ.)
physical
Аўкштайцкі нацыянальны парк
Аўкштайцкі нацыянальны парк

Аўкштайцкі нацыянальны парк (літ.: Aukštaitijos nacionalinis parkas) — нацыянальны парк на паўночным-усходзе Літвы, за 100 км на поўнач ад Вільнюса. Гэта самы стары з літоўскіх нацыянальных паркаў, быў заснаваны ў 1974 годзе. Першапачаткова ён быў названы Нацыянальным паркам Літоўскай ССР, каб падкрэсліць, што гэта першы падобны парк у рэспубліцы. У 1991 годзе былі заснаваны яшчэ 4 паркі і ўсе паркі былі названыя па этнаграфічных назвах рэгіёнаў Літвы. Тады парк атрымаў назву Аўкштайцкага.

Тэрыторыя парку складае 405,7 км². Каля 50 % плошчы прыпадае на Ігналінскі раён. На Уцянскі і Швянчоніскі раёны прыходзіцца па 25 %. Каля 2,1 % тэрыторыі складае строга ахоўваемая зона. У гэтую зону доступ магчымы толькі ў суправаджэнні служачага парку. У парку сустракаюцца 64 віды раслін, 8 відаў грыбоў, 48 відаў птушак, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Літвы. Парк славіцца сваёй біяразнастайнасцю — 59 % усіх відаў раслін, якія сустракаюцца ў Літве, можна адшукаць у парку, які займае менш за 1 % тэрыторыі краіны.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Выгляд з пагорка Ладакальніс
Музей вулляў у Сціпейкяй

Сярод лясоў і пагоркаў парку раскіданы 126 азёраў, вялікая частка якіх злучана сеткай ручаёў і маленькіх рэчак. Яны папулярныя ў якасці месца для воднага турызму на каяках. Парк быў заснаваны больш за 30 гадоў таму і інфраструктура для воднага турызму ўжо дастаткова развітая. Ёсць дастаткова шмат месцаў, дзе можна ўзяць напракат лодку ці каяк, а таксама спыніцца на ноч. Азёры займаюць 59,30 км² (або 15,5 %) тэрыторыі парку. Тут знаходзяцца і найбуйнейшае з літоўскіх азёраў — возера Крэтуонас (8,29 км²), самае глыбокае — возера Таўрагнас (60,5 м). 14 азёраў маюць плошчу больш за 1 квадратны кіламетр кожнае, плошча 6 азёраў знаходзіцца паміж 0,5 і 1 км² і 35 азёраў — паміж 50 і 5 га. Астатнія азёры маюць плошчу менш за 5 га, некаторыя з іх паступова ператвараюцца ў балоты.

На возеры Балуошас ёсць 7 астравоў, на адным з якіх ёсць ўласнае азярцо. Невялікі ручай выцякае з гэтага азярца ў Балуошас — гэта адзінае возера ў возеры ў Літве. Найбуйнейшая рака ў парку — Жэймяна (22 км ракі працякае па тэрыторыі парку, а агульная даўжыня дасягае 114 км), якая ўпадае ў Нярыс. Усе рэкі і азёры парку належаць да басейна Жэймяны.

Адзін з самых найпрыгажэйшых відаў у парку — від з пагорка Ладакальніс, адкуль бачныя шэсць азёр. Пагорак з'яўляецца помнікам прыроды.

Вёскі[правіць | правіць зыходнік]

У парку налічваецца 116 вёсак, у якіх пастаянна пражывае каля 2300 чалавек. Першыя вёскі згадваюцца ў XIV стагоддзі (сталіца Літвы Вільня ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1323 г.).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]