Звычайна ўтварае жоўта-зялёныя зараснікі на глініста-глеістых адкладах берагоў розных вадаёмаў, на дне сажалак, якія падсыхаюць, па вільготных, багатых пажыўнымі рэчывамі глебах з павышанай колькасцю вапны. Надземная частка талома шара-, груша- або булавападобнай формы, з пасценнымі пласціністымі ці дыскападобнымі хларапластамі, ядрамі, кроплямі алею і іншымі ўключэннямі, паступова пераходзіць у падземную частку — дыхатамічна разгалінаваныя бясколерныя рызоіды. Размнажаецца зааспорамі, зрэдку аўта- і апланаспорамі. Пры неспрыяльных умовах утвараюцца рызацысты (спарацысты, размешчаныя у рызоідах).