Брошка Фулера
| ||
Брошка Фулера. IX стагоддзе | ||
англ.: Fuller Brooch | ||
Матэрыял | срэбра, чарненне | |
---|---|---|
Брытанскі музей, Лондан |
Брошка Фулера (англ.: Fuller Brooch) — англасаксонская сярэбраная брошка, вырабленая ў другой палове IX стагоддзя. Цудоўна захаванае ўпрыгожванне знаходзіцца ў цяперашні час у Брытанскім музеі[1] і лічыцца значным артэфактам раннесярэднявечнай Англіі і ўзорам ювелірнага мастацтва англасаксаў.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Брошка зроблена з ліставога серабра з ужываннем чарнення, яе дыяметр складае 114 мм (4,5 цалі). Цэнтр брошкі ўпрыгожваюць персаніфікаваныя малюнкі пяці пачуццяў — Зроку (у цэнтры, лічыўся ў Сярэднявеччы найважнейшым з органаў пачуццяў), Смаку (злева уверсе; фігура, якая ўвасабляе смак, змяшчае руку ў рот), Нюху (справа уверсе; стаіць сярод высокіх раслін, рукі трымае за спіной); Слыху (злева ўнізе; прыслухоўваецца, прыклаўшы руку да вуха) і Дотыку (справа ўнізе; пацірае рукі). Асноўная кампазіцыя акружаная арнаментам з 16 маленькіх медальёнаў з выявамі людзей, жывёл, птушак або раслінных узораў.
Брошку Фулера параўноўваюць з іншай вядомай англасаксонскай брошкай таго ж перыяду, брошкай Стрыкленда, таксама вырабленай са срэбра з чарненнем, якая таксама захоўваецца ў Брытанскім музеі. Абедзве брошкі адносяцца да так званага стылю Трэвідл .
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Брошка захавалася ў выдатным стане, хоць іголка і яе мацаванне былі выдаленыя, а ў верхняй частцы дыска былі зробленыя адтуліны, каб выкарыстоўваць брошку як падвеску. З-за гэтакай добрай захаванасці выраб першапачаткова быў прыняты за падробку, пасля чаго яго набыў капітан Альфрэд Уолтэр Фрэнсіс Фулер па цане срэбра. Пасля таго як у 1949 годзе стала вядомай брошка Стрыкленда, дадатковыя даследаванні пацвердзілі сапраўднасць брошкі Фулера. Капітан Фулер у 1952 годзе перадаў брошку Брытанскаму музею з умовай, што яна будзе называцца ў яго гонар.
Зноскі
- ↑ The British Museum Collection Архівавана 7 лютага 2017.