Вода-вадзяны ядзерны рэактар
Вода-вадзяны ядзерны рэактар ― рэактар, у якім у якасці запавольніка і цепланосьбіта выкарыстоўваецца звычайная вада.
Вода-вадзяныя ядзерныя рэактары выкарыстоўваюцца ў розных мэтах: на АЭС, транспарце (звычайна на атамных падлодках, буйных ваенных караблях, ледаколах), у навуковых даследаваннях, магчыма іх выкарыстоўваць для цэнтралізаванага цеплазабяспячэння (гл. атамная станцыя цеплазабяспячэння).
Найбольшае распаўсюджанне на атамных электрастанцыях атрымалі наступныя мадэлі:
- ВВЭР (СССР―Расія)
- PWR (Вестынгаўз, ЗША)
- EPR (AREVA, Францыя ― Германія)
Прынцып дзеяння
[правіць | правіць зыходнік]У корпусе рэактара размешчаны цеплавыдзяляльныя зборкі, якія запоўнены цеплавыдзяляльнымі элементамі, у якіх размешчана ядзернае паліва. Вада праходзіць паміж імі і за кошт ядзернай энергіі награваецца. Пры гэтым вада выконвае роллю запавольніка нейтронаў (зніжае хуткасць нейтронаў да такой, пры якой яны могуць узаемадзейнічаць з атамамі паліва, пры гэтым кінетычная энергія нейтронаў пераходзіць у цеплавую), цепланосьбіта (адводзіць цеплавую энергію ад рэактара) і адбівальніка (не дае нейтронам пакінуць рэактар).
Вада ў рэактары можа знаходзіцца пад любым ціскам, у тым ліку і пры атмасферным. Але ў энергетычных вода-вадзяных рэактарах неабходна выкарыстоўваць ваду пад вялікім ціскам (такім, пры якім яе тэмпература кіпення большая за максімальную тэмпературу пары ў другім контуры, каб прадухіліць яе кіпенне).
Перавагі
[правіць | правіць зыходнік]- Адмоўны тэмпературны каэфіцыент рэактыўнасці: пры нечаканым павышэнні тэмпературы магутнасць рэактара пачынае падаць, а не павышацца.
- Пры перадачы цеплыні праз парагенератар вада першага контуру не кантактуе з другім, дзякуючы чаму вада і пар там з’яўляюцца нерадыеактыўнымі, што павялічвае бяспеку і змяншае выдаткі на будаўніцтва ахоўных збудаванняў у параўнанні з аднаконтурнымі схемамі АЭС.
- У якасці цепланосьбіта першага контуру вада мае перавагі перад іншымі рэчывамі: яна танная, мае добрыя фізічныя якасці, больш бяспечная.
Недахопы
[правіць | правіць зыходнік]- Рэактар павінен вытрымліваць вялікі ціск першага контуру.
- Неабходнасць парагенератара ўскладняе і падаражае канструкцыю.
- У большасці рэактараў нельга замяніць паліва падчас працы, для гэтага неабходна спыняць рэактар.