Вушастая сава, або вушатая сава (Asio otus) — птушка з сямейства савіных.
Дастаткова буйная птушка, з «вушкамі». Даўжыня цела 33-39 см, размах крылаў 86-100 см. Палосы на сподзе са «стрэлкамі». Параўнальна стройны сілуэт, вочы аранжава-жоўтыя. Актыўная ўначы. У палёце «вушкі» непрыкметныя, крылы апускае далёка ўніз. У час шлюбных палётаў часта лопае крыламі. Занепакоеная пры гняздзе крычыць непрыемным голасам, падобным да плачу дзіця.
Адрозніваецца ад балотнай савы вялікімі вушнымі пукамі, якія складаюцца з 6 пёраў, больш кароткім першым махавым пяром (карацей чацвёртага) і афарбоўкай. Агульны тон афарбоўкі — той жа, але цёмныя плямы верхняй боку цела не зліваюцца ў падоўжаныя палосы, як у балотнай савы, а стрыжнёвыя плямы на ніжнім баку цела выцягнутыя ў папярочным кірунку. Памеры цела тыя ж або крыху меншыя.
Вобласць яе гнездавання ахоплівае Галарктыку (акрамя поўначы і поўдня; лакальна сустракаецца ў Афрыцы — Эфіопія, Кенія, Дэмакратычная Рэспубліка Конга).
Звычайная вушастая сава жыве выключна ў лясах, аддаючы перавагу іглічнаму лесу замест чарналесся, бо тут яна меней прыкметная па сваёй афарбоўцы. Насяляе ўскрайкі высакастволых хваёвых і мяшаных лясоў, парослыя дрэвамі рачныя даліны, групы старых дрэў сярод палёў, паркі, старыя могілкі, сады. У Арменіі даходзіць да 2750 м, а на Цянь-Шані — да 3000 м. На Беларусі звычайны від.
Аселая або качэўныя, паўночныя еўрапейскія, азіяцкія і амерыканскія папуляцыі пералётныя. Месца зімовак: у межах гнездавога арэала, а таксама непасрэдна на поўдзень ад яго, даліна ніжняга Ніла.
Займае старыя гнёзды іншых птушак, якія размяшчаюцца ў высокіх і густых кронах (часцей за ўсё пасля крумкачовых птушак, такіх як варона і сарока), часам гнёзды вавёрак. Гняздуе пад ветраломам, паміж каранямі дрэў, у дуплах, на вербах са зламанымі вяршалінамі. Займае і гнездавыя скрынкі.
Гняздо без высцілкі, як правіла размяшчаецца дастаткова высока, але вядомыя выпадкі выяўлення гнёздаў на вышыні ўсяго 1,5-2 метраў. Кладка (у канцы сакавіка і красавіка) звычайна з 4-5 шарападобных белых яец.
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.