Гістарызм
Гістарызмы — словы, якія абазначаюць прадметы, з’явы і паняцці, што з цягам часу выйшлі з ужытку («аршын», «грыўня», «дзіда», «камбед», «лікбез», «нарком», «нэп» і іншыя). У адрозненне ад архаізмаў гістарызмы не маюць сінонімаў у сучаснай беларускай мове, таму найчасцей выкарыстоўваюцца ў навуковай і мастацкай літаратуры для стварэння каларыту пэўнай эпохі, узнаўлення рэальных гістарычных абставін і мовы герояў: «Наслалі нам асаднікаў, жандараў і ўраднікаў, і іншае брыды» (Якуб Колас), «На сценах віселі старыя чаканы, двуручныя мячы, кальчугі» (Уладзімір Караткевіч).
З паняццямі гістарызму звязаны раздзел гісторыі мовы (гістарычная граматыка), які вывучае фарміраванне і развіццё моўнай сістэмы на працягу існавання мовы, раздзел лексікалогіі (гістарычная лексікалогія), які вывучае гісторыю слоўнікавага складу мовы і змяненні ў розных групах лексікі. Таксама ёсць такія паняцці, як гістарычная проза і гістарычны жанр, гістарычная школа, гістарыяграфія, гістарычны слоўнік, гістарычныя песні, гістарычны музей, гісторыя мовы, гісторыя літаратуры, гісторыя мастацтваў і іншыя.