Гістарычная проза

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гістарычная проза — творы апавядальных жанраў, у якіх дакументальна-дакладнае апісанне сапраўдных гістарычных падзей і фактаў мінулага спалучаецца з іх эмацыянальна-вобразным, мастацкім адлюстраваннем.

Развіццё і асноўныя этапы[правіць | правіць зыходнік]

Вытокі гістарычнай прозы ў гераічным эпасе, гістарычных паданнях, вусных гісторыка-мемуарных апавяданнях, якія суправаджалі важныя падзеі ў жыцці народа ці чалавека. Упершыню канчаткова сфарміравалася ў Старажытнай Грэцыі і Рыме. Асноўныя віды і формы антычнай гістарычнай прозы — гісторыя, манаграфія, аналы, біяграфія, гістарычныя запіскі. Першыя творы мастацкай прозы на гістарычную тэму з'явіліся на пачатку новай эры. У сярэднявеччы гістарычная проза зазнала ўплыў антычных традыцый, побач з уласна гістарыяграфіяй (аналы, хронікі гісторыі) расквітнела агіяграфія. У эпоху Адраджэння традыцыйная гістарычная проза пачала распадацца на навуковую гісторыю і гістарычны жанр мастацкай літаратуры. Гэты працэс завяршыўся ў Еўропе ў XIX ст., калі з'явіўся класічны гістарычны раман. Як помнікі літаратуры могуць разглядацца і асобныя творы гістарыяграфіі новага часу. Узоры гістарычнай прозы XX ст. — мастацкія навукова-папулярныя біяграфіі вялікіх людзей, выданні серыі «Жыццё выдатных людзей», белетрызаваныя нарысы на гістарычныя тэмы асобных пісьменнікаў і вучоных, лепшыя творы гістарычна-мемуарнай літаратуры.

Беларуская гістарычная проза[правіць | правіць зыходнік]

Вытокі беларускай гістарычнай прозы — у старажытнарускай літаратуры, у мясцовых традыцыях вуснага гістарычнага апавядання. У эпоху Кіеўскай Русі выпрацаваны асноўныя прыёмы, спосабы і формы апісання мінулага, якія надоўга вызначылі прыкметы гістарычнай прозы ўсіх усходніх славян. Яе найбольш характэрныя віды: летапісы; перакладныя хронікі (своеасаблівыя сусветныя гісторыі); манаграфічныя апісанні асобных значных гістарычных падзей; мастацкія гісторыі жыцця і дзейнасці выдатных асоб; падарожныя запіскі; шматлікія жыціі святых. Да гэтых твораў прымыкала і Біблія, асобныя кнігі якой заснаваны на апісанні рэальных падзей, іншыя — на легендарна-літаратурным матэрыяле. Біблейская гісторыя ўключалася ў хранографы і разам з антычнай складала ў іх галоўную частку сусветнай гісторыі. Першымі арыгінальнымі помнікамі гістарычнай прозы Беларусі былі Полацкі летапіс і «Жыціе Ефрасінні Полацкай» (XIIXIII стст.). Складаліся таксама дзённікі падарожжаў («Хаджэнне ў Царград і Іерусалім Ігната Смаляніна»), перапісваліся творы розных гістарычных жанраў старажытнарускай літаратуры.

У XV—XVI стст. у беларускай гістарычнай прозе актыўна развіваўся летапісны жанр, ствараліся агульнадзяржаўныя летатсы і хронікі («Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г., Хроніка Быхаўца). У XVIIXVIII стст. у выніку дыферэнцыяцыі літаратурных форм вядучае месца ў ёй занялі мясцовыя летапісы (Баркулабаўскі летапіс, Магілёўская хроніка), хранографы-анталогіі гістарычных аповесцей і пагадовых запісаў, прысвечаныя сусветнай гісторыі («Вялікая хроніка»), гістарычна-мемуарны жанр (дыярыушы). Да ўзроўню мастацкай літаратуры ўзнімаліся і некаторыя творы эпісталярнага жанру («Лісты» Ф. Кміты-Чарнабыльскага, «Ліст да Абуховіча»). Арыгінальную гістарычнцю прозу дапаўнялі перакладныя аповесці і раманы («Гісторыя пра Атылу», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», «Мамаева пабоішча»), розныя зборнікі дыдактычных аповесцей і навел («Жыціі святых» П. Скаргі, «Рымскія дзеі»), якія ўспрымаліся тагачаснымі чытачамі як цалкам гістарычныя. Вялікае значэнне мела друкаванае выданне Ф. Скарынам беларускага перакладу Бібліі. Беларуская старажытная гістарычная проза сінкрэтычная паводле характару, развівалася з дзелавога пісьменства на аснове сінтэзу дакумента і літаратуры, дакладнага факта і гістарычнага падання. У ёй спалучаліся рацыянальнае і эмацыянальнае асваенне гісторыі, дакументальна-дзелавое і мастацкае апісанне гістарычных падзей.

Зараджэнне на Беларусі гістарычнай прозы новага часу пачалося ў 1-й палове XIX ст. ў эпоху рамантычнага захаплення гісторыяй, аднак навуковае і мастацкае асэнсаванне беларускай гісторыі звязана з імёнамі польскіх вучоных і пісьменнікаў (І. Лялевель, А. Міцкевіч, Ю. Крашэўскі). Новая беларуская гістарычная прозв з'явілася толькі ў пачатку XX ст. Гістарычнай прозай у наш час нярэдка называюць і ўласна мастацкую літаратуру пра мінулае (гістарычны раман, аповесць, апавяданне).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]