Перайсці да зместу

Джульярдская школа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эліс-Талі-хол

Джульярдская школа (англ.: Juilliard School) — адна з найбуйнейшых амерыканскіх вышэйшых навучальных устаноў у галіне мастацтва і музыкі. Размешчана ў нью-ёркскім Лінкальн-цэнтры.

У 1905 годзе ў Нью-Ёрку быў заснаваны Інстытут музычнага мастацтва (англ.: Institute of Musical Art) на чале з дырыжорам Франкам Дамрашам  (англ.), які ў першы ж год заняткаў набраў каля 500 студэнтаў. У 1926 годзе інстытут быў аб'яднаны з заснаванай за два гады да гэтага Джульярдскай вышэйшай школай (англ.: Juilliard Graduate School), створанай дабрачынным фондам Агастаса Джульярда; пад адзіным кіраўніцтвам два інстытута заставаліся адносна самастойнымі, паколькі Джульярдская школа была прызначана для студэнтаў больш старэйшага ўзросту, якія ўжо маюць пэўную музычную адукацыю. Далейшае зліццё дзвюх частак адзінай кансерваторыі адбылося ў 1946 годзе, і аб'яднаная навучальная ўстанова стала называцца Джульярдскай школай музыкі, а з 1969 года проста Джульярдскай школай. З часам да першапачатковага аддзялення выканальніцкага мастацтва ў галіне акадэмічнай музыкі дадалося аддзяленне танца (1951), а затым і аддзяленне драмы (1968); у 2001 годзе ў Джульярдскай школе быў адкрыты курс выканальніцкага майстэрства для джазавых музыкаў.