Перайсці да зместу

Зоапланктон

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Прадстаўнік зоапланктону (дыяптомус)

Зоапланктон — частка планктону, прадстаўленая жывёламі, якія не могуць супрацьстаяць цячэнням і пераносяцца разам з воднымі масамі.

Да зоапланктону традыцыйна адносяць таксама досыць буйных гетэратрофных пратыстаў - аднаклетачных і каланіяльных. У складзе зоапланктону сустракаюцца прадстаўнікі большасці тыпаў жывёльнага царства. У большасці вадаёмаў самая шматлікая група зоапланктону - дробныя ракападобныя. У склад зоапланктону ўваходзяць таксама лічынкі шматлікіх жывёл, пелагічная ікра рыб. Арганізмы зоапланктону сілкуюцца фітапланктонам, бактэрыяпланктонам, дэтрытам або больш дробнымі прадстаўнікамі зоапланктону. Калі арганізмы ўвесь жыццёвы цыкл праводзяць у форме планктону, іх адносяць да голапланктону; калі жывёлы праводзяць у выглядзе планктону толькі частку жыцця (як правіла, у лічынкавай стадыі), іх адносяць да мерапланктону. Зоапланктон - аснова харчовых ланцугоў у біяцэнозе вадаёмаў, асабліва марскіх. Гэта звяно харчовых ланцугоў, якое злучае фітапланктон, які ўтварае першасную прадукцыю, з больш буйнымі нектоннымі і бентаснымі жывёламі.

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1999. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2