Ракападобныя, ракі (Crustacea) — падтып (раней разглядаўся як клас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх.
Вядомы з кембрыю (больш за 500 млн. г. назад). 5—9 тыпаў (падкласаў), у т.л. ракушкавыя, жабраногія, максілаподы, цэфалакарыды, вышэйшыя ракі; каля 50 тыс. відаў.
Пашыраны ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Жывуць у тоўшчы вады і на дне вадаёмаў, некаторыя на сушы (макрыцы, некаторыя трапічныя крабы). На Беларусі каля 100 відаў з атрада галінаставусых, дзесяціногіх ракападобных, карпаедаў, раўнаногіх, жабраногаў, разнаногіх, ракавінкавых.
Большасць ракаў раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты, некаторым уласцівы партэнагенез. Развіццё пераважна з ператварэннем. Лічынка — наўпліус.
Многія ракі (бакаплавы, весланогія рачкі, цыклопы, эўфаўзіевыя, мізіды, галінаставусыя, кумавыя і інш.) — корм для рыб, вадаплаўных птушак, водных млекакормячых. Некаторыя — паразіты або прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Многія (пераважна планктонныя формы) — біялагічныя меліяратары.