Карона Святога Эдуарда
Карона Св. Эдуарда — карона, якая выкарыстоўваецца пры каранацыі новага манарха Вялікабрытаніі. Была створана ў 1661 годзе для каранацыі караля Карла II. Як мяркуюць, для яе вырабу выкарыстоўвалі золата з вянка Святога Эдуарда Спаведніка, англійскага манарха, які кіраваў у XI стагоддзі.
Карона Святога Эдуарда адносіцца да так званых Каштоўнасцей Кароны — каралеўскіх рэгалій і ювелірных упрыгожванняў, якія належаць не асабіста манарху, а дзяржаве.
Форма кароны традыцыйная для каралеўскіх рэгалій Англіі: вянок, які ўяўляе сабой чаргаванне чатырох крыжоў і чатырох геральдычных лілей, вышэй крыжоў ідуць чатыры паўдугі, якія вянчае шар з крыжам. У цэнтры — аксамітавая шапка з гарнастаевай апухай. Карона выраблена з цвёрдага золата і ўпрыгожана 444 каштоўнымі камянямі. Першапачаткова камяні ўстаўляліся толькі для працэдуры каранацыі, пасля чаго карона дэмантавалася, і заставаўся каркас. Аднак у 1911 годзе каштоўныя камяні былі ўстаўлены на ўвесь час.
Вага кароны вялікая — 4 фунты 12 унцый (2,155 кг). З-за гэтага каралева Вікторыя і Эдуард VII адмовіліся быць каранаванымі каронай Св. Эдуарда і каранаваліся лягчэйшай каронай Брытанскай імперыі.
У наш час карона выстаўлена на ўсеагульны агляд у экспазіцыі Лонданскага Таўэра.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Карона Святога Эдуарда