Перайсці да зместу

Кафедральны сабор Дзевы Марыі (Капенгаген)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Кафедральны сабор Дзевы Марыі
55°40′46″ пн. ш. 12°34′21″ у. д.HGЯO
Краіна  Данія
Месцазнаходжанне
Канфесія лютэранства
Епархія Капенгагенская дыяцэзія[d]
Благачынне Vor Frue Parish[d]
Архітэктурны стыль класіцызм і неакласіцызм
Архітэктар Christian Frederik Hansen[d]
Дата заснавання 1829
Дата пабудовы 1829
Матэрыял цэгла
Сайт koebenhavnsdomkirke.dk (дацк.)
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Кафедра́льны сабо́р Дзе́вы Марыі (дацк.: Vor Frue Kirke) — кафедра дацкай лютэранскай царквы ў Капенгагене. Сучасны неакласічны выгляд будынак займеў у 1829 годзе пад кіраўніцтвам архітэктара Крысціяна Фрэдэрыка Хансена.

Будаўніцтва калегіяльнай царквы Найсвяцейшай Дзевы Марыі на гэтым месцы пачалося за часам біскупа Абсалона ў канцы XII стагоддзя. Яна размясцілася на найвышэйшым пункце ля горада Гаўн (цяпер Капенгаген). Кансекрацыя храма адбылася ўжо пры Абсалонавым пераемніку, біскупе Педэры Сунесэне. Царква была пабудавана ў раманскім стылі з паўкруглымі аркамі.

У 1314 годзе царква была знішчана ў пажары, і яна была перабудавана з чырвонай цэглы ў гатычным стылі. Галоўная вежа з-за недастачы сродкаў была дабудавана толькі ў часы караля Крысціяна II.

У 1479 годзе з школы, што дзейнічала пры царкве, быў утвораны Капенгагенскі ўніверсітэт. Дзякуючы запрошаным з Кёльна прафесарам ён стаў правадыром перадавых ідэй і мыслярства, аднак каталікі намагаліся захаваць яго як цэнтр каталіцкага супраціўлення Рэфармацыі. Каралеўскае рашэнне перадаць храм у супольнае выкарыстанне каталікоў і лютэранаў раз’юшыла гараджан, і 27 снежня 1530 года натоўп уварваўся ў кафедру, дзе разбіў усе статуі і паламаў хоры. Былі разрабаваны і разбіты 17 пазалочаных алтароў, рэліквіі, знішчаны царкоўнае адзенне і іншае начынне. З назвы царквы была выкінутая нават згадка «Святой Марыі», пакінутая проста назва «Царква нашай Дзевы» («Vor Frue Kirke»).

Кафедра па перабудове ў XVIII стагоддзі

Праз год храм быў перададзены ва ўладанне лютэранаў, а ўніверсітэт быў закрыты. Аднак ужо ў 1537, у часе дацкай Рэфармацыі, ён стаў цэнтрам лютэранскай думкі. У 1539 годзе былі прызначаны першыя суперінтэндэнты (пазней біскупы) Даніі. З 1568 дэкан Сабора Дзевы Марыі стаў фактычным кіраўніком нацыянальнай царквы.

У 1573 і 1585 маланка пашкодзіла царкву, у выніку з-за пажару абрынуліся скляпенні, вежа і дах. Вежа была перабудавана ў 1609 годзе. У кастрычніку 1728 года вялізны чатырохдзённы пажар, у якім згарэла траціна Капенгагена, цалкам знішчыў і кафедру. Праз дэкаду царква была адноўлена ў тым самым выглядзе і чырвонай цэгле. Інтэр’ер спалучыў гатычны і барочны стылі.

У верасні 1807 года кафедра была зноў знішчана ў бамбардзіроўцы Капенгагена брытанскім флотам адмірала Джэймса Гамб’е ў часе Напалеонаўскіх войнаў.

Пасля гэтага на запыт капенгагенскага магістрата аднаўленнем будынка заняўся найлепшы архітэктар Даніі Фрэдэрык Хансен, вырашана было рабіць праект у неакласічным стылі. З-за недахопу сродкаў у праекце скарысталі частку захаваных муроў. Працы цягнуліся з 1817 да 1829 года. Вежа, якая не была прадугледжана ў неакласічным стылі, была дададзена на патрабаванне гараджан.

У 1924 годзе храм Дзевы Марыі стаў нацыянальнай кафедрай Даніі пасля падзелу Зеландскай дыяцэзіі на дзве ў 1922.

У 19771979 адбылася перабудова інтэр’ера, у 1995 пастаўлены новы арган.

Статуі апосталаў. Скульптар Бертэль Торвальдсен

Будынак памерам 83×33 м. Неф даўжынёй 60 м і вышынёй 25 м. З улікам усіх галерэй памяшканне можа змясціць больш за 1100 чалавек. Вежа вышынёй 60 м з чатырма званамі (у тым ліку і найвялікшы ў Даніі Стормклокен вагай 4 тоны, а таксама найдаўнейшы звон у Даніі 1490 года).

Падлога ўпрыгожана выявамі Ісуса Хрыста і апосталаў. Інтэр’ер таксама дэкараваны выявамі 12 апосталаў, уваскрослага Хрыста, які дэманструе раны на целе.