Круглагалоўкі (Phrynocephalus) — род яшчарак сямейства агам.
Адрозніваецца каля 45 відаў. Пашыраны ў Паўднёва-Усходняй Еўропе, Азіі (ад Каспійскага мора да Кітая). Большасць відаў жыве ў пясчаных, гліністых або камяністых пустынях і паўпустынях. Самая буйная — круглагалоўка вушастая (Phrynocephalus mystaceus), самая маленькая — круглагалоўка пясчаная (Phrynocephalus interscapularis).
Даўжыня 7—25 см. Галава кароткая, закругленая. Тулава пляскатае, часам моцна расшыранае. Лускавінкі па краях пальцаў утвараюць зубчыкі. Хвост здольны закручвацца на спіну. Афарбоўка цела — пад колер грунту. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, павукамі. Адкладваюць яйцы, круглагалоўка тыбецкая (Phrynocephalus theobaldi) яйцажывародная. Круглагалоўка вушастая вызначаецца наяўнасцю ў вуглах рота вялікіх скурных складак з махрамі па краях, якія нагадваюць вушы (адсюль назва).