Адзін з самых буйных прадстаўнікоў сямейства сапраўдных цюленяў. Даўжыня цела — да 2,5 м, падпахавы ахоп 148—161 см. Маса зменлівая па сезонах у залежнасці ад укормленасці, узімку дасягаючы 360 кг. Круглая галава і ласты здаюцца невялікімі ў параўнанні з масіўным целам. Ад іншых цюленяў адрозніваецца больш блізкім размяшчэннем пярэдніх ласт да пярэдняга канца цела. Сківіцы ў лахтака магутныя, але зубы дробныя і слабыя; часта зношваюцца і выпадаюць яшчэ да надыходу старасці.
Валасяны полаг параўнальна негусты і грубы. Афарбоўка бура-шэрая, на спіне цямнейшая. Маладыя цюлені цёмныя, са светлай мордай. Вібрысы ў лахтака доўгія, тоўстыя і гладкія, а не хвалістыя, як у іншых цюленяў.
Зноскі
↑Напісанне Лахтак у адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.17. Мн., 2003, С.185