Перайсці да зместу

Лірычны герой

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ліры́чны геро́й — умоўны тэрмін, якім абазначаюць вобраз, што ўзнікае ў свядомасці чытача ў выніку знаёмства з лірычнай творчасцю таго ці іншага паэта. Лірык выяўляе ў вершах свае думкі і пачуцці, настрой і перажыванні, свае адносіны да з'яў і падзей навакольнай рэчаіснасці. Але формы гэтага выяўлення могуць быць розныя, падчас нечаканыя. Таму вобраз лірычнага героя нельга просталінейна атаясамліваць з асобай паэта, перажыванні лірычнага героя — з пачуццямі і думкамі аўтара. Разам з тым нельга лічыць, што паміж асобай паэта і яго лірычным героем значная розніца. Суадносіны паміж імі — гэта, кажучы некалькі спрошчана, суадносіны прататыпа і мастацкага вобраза-персанажа, які ствараецца, як і вобраз лірычнага героя, з дапамогай адбору жыццёвага матэрыялу, мастацкага вымыслу, тыпізацыі. Лірычны герой раскрывае тыповыя перажыванні ў тыповых абставінах. Менавіта таму ў лірычнай творчасці асабліва вялікае значэнне набываюць грамадзянская пазіцыя, палітычны кругагляд, адукацыйны і культурны ўзровень, маральны воблік пісьменніка.