Перайсці да зместу

Маршал-індастрыял

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Маршал-індастрыял (англ.: martial — ваяўнічы) — падтып індустрыяльнай музыкі, асноўнай тэматыкай якога з’яўляецца вайна, мілітарызм, таталітарныя рухі, гістарычныя падзеі. Для маршал-індастрыяла ўласціва цёмная атмасфера кампазіцый, элементы класічных мелодый, аркестровай музыкі, ваенных маршаў, гістарычных прамоваў дыктатараў, гукі зброі, шум. У адрозненне ад іншых постіндустрыяльных жанраў, маршал-індастрыял, як правіла, мае пад сабой пэўны светапогляд ці філасофію.

Гісторыя ўзнікнення

[правіць | правіць зыходнік]

Заснавальнікам стылю з’яўляецца югаслаўскі гурт «Laibach». У канцы 80-х гадоў удзельнікі гурта займаліся палітычным актывізмам, за што былі нават выгнаны з тагачаснай Югаславіі. Першы альбом у стылі маршал-індастрыял называўся «Laibach» і быў выпушчаны 27 красавіка 1985 года.

Элементы маршал выкарыстоўвалі Бойд Райс і Дуглас Пірс, вядомыя выканаўцы ў стылі нойз і неафолк. «Les Joyaux de la Princesse» дадаткова распрацавалі жанр, дадаўшы цёмнай атмасферы, змешанай з гістарычным сімвалізмам і прамовамі. «The Moon Lay Hidden Beneath a Cloud / Der Blutharsch» узбагаціў гэтую традыцыю, дадаўшы ў кампазіцыі элементы сярэднявечных мелодый. Нарэшце, «In Slaughter Natives і Puissance» пашырылі жанр адпаведна ў аркестравым і неакласічным кірунку.

Некаторыя калектывы («Von Thronstahl») адкрыта дэкларуюць фашысцкую ідэалогію, частка («Kraschau») выступаюць за манархізм, а іншыя («Militia») — экаанархісты і нават нацбалы («N.K.V.D.»). Ёсць тыя, якія цікавяцца выключна элементамі таталітарнай эстэтыкі, змешваючы іх з эротыкай («Ordo Rosarius Equilibrio»), ці аматары старажытнай гісторыі («Triarii»). Некаторыя («Turbund Sturmwerk») адмаўляюцца раскрываць свае рэальныя перакананні.