Перайсці да зместу

Мінскі замак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Мінскі замак
53°54′28″ пн. ш. 27°33′06″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Дата пабудовы XI стагоддзе
Стан Не захаваўся
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мінскі замак — колішняе абарончае збудаванне ў Мінску, узведзенае на правым беразе ракі Свіслач, каля ўпадзення ў яе Нямігі. Пазней, месца, якое абкружалі замкавыя сцены, атрымала назву Замчышча.

Апошнія замкавыя ўмацаванні знішчылі ў пачатку XIX ст. А ў 1950-я была скапаная замкавая гара, а грунт вывезены за межы горада[1]. Цяпер яшчэ захаваліся рэшткі культурнага пласта[2].

Руіны на Мінскім Замчышчы, малюнак Я. Драздовіча

Дзядзінец у Менску быў узведзены ў XI ст.[3]. У XIIXIII ст. у замку было 80—82 двары і каля 400—500 жыхароў[4].

Стары будынак гродскага суда, здымак пач. XX ст.

Драўляныя ўмацаванні неаднаразова гарэлі (1505, 1547, 1552, 1569 і інш. гады), але зноў адбудоўваліся. У канцы XV — пачатку XVI ст. замак меў значную колькасць гармат і штат пушкароў.[5]

З 1581 у Менскім замку адзін раз на два гады на працягу 20 тыдняў адбываліся пасяджэнні Трыбунала. Да сярэдзіны XVII ст. замак служыў рэзідэнцыяй велікакняжацкага намесніка (старосты) і быў адным з грамадскіх месцаў горада. На тэрыторыі замка (у адной з веж) размяшчаліся вязніца, таксама былі жылыя дамы, царква Нараджэння Багародзіцы, склады, стайні, крамы і іншыя пабудовы[6]. У 1612 у будынку замкавага суда знаходзіўся гарадскі архіў[7].

Руіны на Мінскім Замчышчы, малюнак Я. Драздовіча

У дакументах XVIIXVIII ст. Менскі замак згадваецца пераважна як месца правядзення соймікаў, аднак яшчэ ў 1750 у ім яшчэ размяшчаўся гарнізон.[8]

Апошні ўспамін пра замкавыя ўмацаванні датуецца 1793 годам і змешчаны ў люстрацыі, складзенай па ўваходжанні Менска ў склад Расійскай імперыі[9]. Пазней замкавыя збудаванні перайшлі ў прыватную уласнасць[7].

Менскі замак быў абгароджаны высокім земляным валам (шырынёй да 22 метраў, пазней — да 30—32 мэтраў, вышынёй — каля 15 метраў[3]) і абкружаны глыбокім ровам, напоўненым вадою, навальныя ўмацаванні былі пабудаваны з дрэва. У плане замак меў форму набліжаную да авала, плошчаю каля 3 га. Уезд у замак, праход у вале шырынёю 3,4 метры, быў абаронены брамнай вежай, пра канструкцыю якой вядуцца спрэчкі, і замыкаўся мінімум трыма варотамі[10].

З XVII ст. у замку існаваў мураваны будынак гродскага (замкавага) суда, вядомы па малюнках Я. Драздовіча і старых фотаздымках 1-й паловы XX ст.

Зноскі

  1. Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 14
  2. Як будаваўся стары Мінск // Пазняк З. С. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Нар. асвета, 1985. С. 25
  3. а б Фортификация средневекового Менска // Ткачёв М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачёв. — Мн.: Беларусь, 2002. — С. к. — 200 с.: ил. — ISBN 985-07-0418-7. С. 47
  4. Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 9
  5. Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 12
  6. Як будаваўся стары Мінск // Пазняк З. С. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Нар. асвета, 1985. С. 26
  7. а б Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 18
  8. Фортификация средневекового Менска // Ткачёв М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачёв. — Мн.: Беларусь, 2002. — С. к. — 200 с.: ил. — ISBN 985-07-0418-7. С. 53
  9. Фортификация средневекового Менска // Ткачёв М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачёв. — Мн.: Беларусь, 2002. — С. к. — 200 с.: ил. — ISBN 985-07-0418-7. С. 54
  10. Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 8