Нацыянальны парк Прыбалатанскага ўзвышша
Нацыянальны парк Прыбалатанскага ўзвышша | |
---|---|
Катэгорыя МСАП — II (Нацыянальны парк) |
|
Размяшчэнне | Венгрыя |
Плошча | 570 км² |
Дата заснавання | 1997 |
Сайт | bfnp.hu/english/h… (англ.) (венг.) (ням.) |
Нацыянальны парк Прыбалатанскага ўзвышша (венг.: Balaton-felvidéki Nemzeti Park) — нацыянальны парк у паўднёва-заходняй частцы Венгрыі, у Цэнтральна-Задунайскім краі на тэрыторыі медзье Зала і Веспрэм. Плошча нацыянальнага парку складае 570 км². Парк заснаваны ў 1997 годзе.
Нацыянальны парк размешчаны на поўнач ад возера Балатан, у горах Бакань, і цягнецца вузкай паласой уздоўж усяго возера ад Балатанфюрэда да Кестхея. Шырыня парку складае ад 1 да 15 кіламетраў. Найбольш цікавымі месцамі парку з'яўляюцца паўвостраў Ціхань, пячоры Тапальцы, басейны рэк Тапальца і Калі, горы Паўднёвага Баканя і забалочаная тэрыторыя ў вусце Залы — Кіш-Балатан (Малы Балатан).
Тэрыторыя парку гарыстая, ландшафт — вулканічны. Тут размешчана мноства патухлых вулканаў, былых гейзераў, кратараў, выхадаў лавы, што маюць парой вельмі мудрагелістыя формы. Самы вялікі базальтавы «арган» размешчаны на гары Сент-Дзьёрдзь. За гэтай гарой, побач з горадам Тапальца знаходзіцца ўваход у пячоры з падземнымі азёрамі, выяўленыя толькі ў 1903 годзе.
У парку расце мноства рэдкіх раслін, з іх дзвесце відаў знаходзяцца пад аховай, а дзевяць пад узмоцненай аховай. Жыве вялікая колькасць птушак і рэдкіх жывёл. Унутраныя азёры паўвострава Ціхань і Кіш-Балатан адыгрываюць важную ролю ў сезонных міграцыях пералётных птушак, якія выкарыстоўваюць іх для адпачынку.
Запаведны луг Шашдзі з'яўляецца адзіным у Венгрыі месцам, дзе расце рэліктавая расліна ледавіковага перыяду — Primula farinosa.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Нацыянальны парк Прыбалатанскага ўзвышша
- Афіцыйная старонка парку (венг.) (англ.)
- Пра парк на сайце hungary-ru