Перайсці да зместу

Незалежны навуковец

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Незалежны навуковец (англ.: independent scientist), гістарычны тэрмiн — джэнтльмен навукі (англ.: gentleman scientist) — фінансава незалежны вучоны, які праводзіць навуковыя даследаванні без непасрэднага дачынення да дзяржаўных інстытутаў, такіх як універсітэт або дзяржаўныя інстытуты даследаванняў. Выраз «джэнтльмен навукі» ўзнік у Еўропе пасля Рэнесансу, але ўжо ў XX стагоддзі яго выкарыстанне стала рэдкім з ростам дзяржаўнага і прыватнага фінансавання. Большасць незалежных навукоўцаў у нейкі момант сваёй кар’еры далучаліся да нейкай акадэмічнай установы.

Самафінансаванне навуковых даследаванняў шырока практыкавалася з эпохі Адраджэння да канца XIX стагоддзя, у тым ліку падчас віктарыянскай эпохі ў Англіі. Многія незалежныя навукоўцы былі аднымі з першых членаў Лонданскага каралеўскага таварыства. Колькасць незалежных навукоўцаў знізілася ў сувязі са з’яўленнем доступу да буйнамаштабнага фінансавання, як дзяржаўнага, так і карпаратыўнага.

Перавагі і заганы

[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш верагоднай адмоўнай рысай самафінансавання з’яўляецца тое, што ўласныя сродкі могуць быць абмежаваныя. Галоўная станоўчая рыса — адсутнасць шматлікіх нязручнасцей, такіх акадэмічная бюракратыя, адміністрацыйныя абавязкі і неабходнасць пісаць і дасылаць заяўкі на гранты ў арганізацыі, якія аказваюць фінансавую падтрымку навуковай дзейнасці. Таксама самафінансаванне дазваляе навукоўцу лепш кантраляваць кірунак сваіх даследаванняў, паколькі навуковыя інвестыцыі ў выглядзе грантаў часцей за ўсе накіроўваюцца інвестарамі на дасягненне пэўных асабістых мэт, якія могуць не супадаць з мэтамі навукоўца. Акрамя таго, права інтэлектуальнай уласнасці на адкрыццё належыць адкрывальніку, а не інвестару. Шмат хто лічыць, што цяперашняя сістэма грантаў моцна душыць навуковы прагрэс, бо навукоўцы павінны загадзя ўказваць чаканыя вынікі, каб атрымаць фінансаванне. І далёка не заўсёды можна ў такіх умовах прадбачыць адкрыццё.