Рэскрыпты Аляксандра II (1857)
Рэскрыпты Аляксандра II 1857 па сялянскім пытанні ў Расійскай імперыі — прадпісанні імператара Аляксандра II генерал-губернатарам аб утварэнні дваранскіх губернскіх камітэтаў па падрыхтоўцы праектаў сялянскай рэформы 1861 г. Вызначалі арганізацыйную структуру і галоўныя прынцыпы дзейнасці гэтых камітэтаў, якія распрацоўвалі асноўныя палажэнні адмены прыгоннага права. 2 снежня 1857 г. Аляксандр II падпісаў рэскрыпт на імя віленскага ваеннага генерал-губернатара У. І. Назімава, згодна з якім у Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў дазвалялася стварыць дваранскія камітэты з выбарных ад памешчыкаў кожнага павета і 2 памешчыкаў, прызначаных мясцовым губернатарам, а потым агульную камісію генерал-губернатарства ў Вільні. 17 снежня 1857 г. такі ж рэскрыпт накіраваны санкт-пецярбургскаму ваеннаіу генерал-губернатару графу П. М. Ігнацьеў. Гэтыя рэскрыпты — першыя афіцыйныя дакументы апублікаваныя акты царскага ўрада пра ўмовы вызвалення сялян. На працягу 1858 г., паводле аналагічных рэскрыптаў, створаны дваранскія камітэты амаль ва ўсіх губернях Еўрапейскай Расіі. У адпаведнасці з іх праектам за памешчыкамі захоўвалася права ўласнасці на ўсю зямлю панскіх маёнткаў, за сялянамі — права карыстання зямельнымі надзеламі, за якія яны па-ранейшаму былі абавязаны адбываць паншчыну або плаціць аброк. Памешчыкі таксама захоўвалі права паліцэйскага нагляду за прыгоннымі ў маёнтках. Пасля ўнясення выкупу за сядзібу (не пазней як праз 12 гадоў) сяляне станавіліся асабіста вольнымі. Абвяшчэнне рэскрыптаў прывяло да масавага абеззямельвання сялян памешчыкамі, узмацнення палярызацыі насельніцтва вёскі напярэдадні ліквідацыі прыгонніцтва.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Захарова, Л. Г. Самодержавие и отмена крепостного права в России, 1856—1861. — М., 1984.