Удзельнік:Alesia.ptushka/Баляслаў Нікадзімавіч Лапыр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Баляслаў Нікадзімавіч Лапыр (5 траўня 1895 – 1945) – беларускі аграном, грамадскі дзеяч.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дзяцінства і юнацтва[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў вёсцы Шуневічы, што ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Маці – Гелена з дому Індрунас, бацька – Нікадзім Лапыр з вёскі Рубеж Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў пачатковую школу ў Браславе і сярэднюю школу ў Коўне. Дыплом агранома атрымаў пасля вучобы ў Пецярбургу.

Праца аграномам[правіць | правіць зыходнік]

Пасля заканчэння вучобы Баляслаў Лапыр цягам 15 гадоў займаў пасаду павятовага агранома на Глыбоччыне. На сваім хутары вёў даследчую работу, вучыў мясцовых сялян па-навуковаму весці гаспадарку.

Друкаваў артыкулы па аграноміі ў міжваенных заходнебеларускіх выданнях. Таксама друкаваўся ў “Tygodniku Rolniczym”, вёў цыкл перадач на віленскім радыё. У беларускіх вёсках арганізоўваў агранамічныя і агратэхнічныя курсы. У 1939 годзе, у 44 гады, быў звольнены з пасады павятовага агранома і адпраўлены на пенсію, што было звязана з актыўнай грамадскай дзейнасцю. Падчас Другой сусветнай вайны сям’я Лапыра знаходзілася ў Глыбокім. Да сёння невядома, якую пасаду ён займаў у час нямецкай акупацыі. Па словах сына, займаўся стварэннем беларускіх школ, беларусізацыяй касцёла і царквы. У верасні 1943 года быў накіраваны разам з сям’ёй на востраў Руген (Германія), дзе працаваў у лабараторыі, якая прадукавала новыя гатункі збожжа.

Грамадская і культурніцкая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Акрамя працы агранома Баляслаў Лапыр займаўся грамадскай дзейнасцю: яго ведалі як барацьбіта за беларускую мову і культуру. За польскім часам арганізаваў гурток “вясковых гаспадынь”, дзе праводзіў заняткі, а пасля іх ладзіў гурткі спеваў і танцаў беларускага фальклору. Спрычыніўся да таго, каб набажэнствы ў Глыбоцкім касцёле праходзілі на беларускай мове.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Ажаніўся ў 1932 годзе са Стэфаніяй Страшэвіч, полькай па нацыянальнасці. У 1932 годзе нарадзіўся іх першы сын Уладыслаў, потым дочкі -- Янка, Гэля і Марынка. Дзеці і жонка Баляслава Лапыра свабодна валодалі беларускай і польскай мовамі. Пасля вяртання з Германіі дзеці змянілі прозвішча на матчына. Сын Уладыслаў Страшэвіч цяпер жыве ў Гданьску (Польшча).

Смерць[правіць | правіць зыходнік]

У 1945 годзе, пасля акупацыі вострава Руген Чырвонай арміяй, сям’я Лапыра вярнулася ў Беларусь, у Слонімскі лагер. Пасля аднаго з допытаў Баляслаў Лапыр не вярнуўся дамоў і назаўсёды знік ў калідорах НКВД. Афіцыйна ён не быў асуджаны, таму і не быў рэабілітаваны.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Ад 2013 года ў Глыбокім ладзіцца “Вішнёвы фэст”, паколькі неафіцыйны статус горада “Вішнёвая сталіца Беларусі”. Глыбокае славіцца сваімі вішнямі, над гатункамі якіх працаваў Лапыр. Мемарыяльнай дошкі памяці Лапыра няма дагэтуль. Адзін з мясцовых жыхароў звярнуўся да раённай улады з тым, каб у Глыбокім ушанавалі памяць Лапыра. Аднак яму адмовілі з наступнай прычыны: “У адпаведнасці з Пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 года №1372 “Аб некаторых пытаннях стварэння рэканструкцый і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва” творы манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва прызначаны для ўвекавечвання памяці аб важнейшых гістарычных і грамадскіх падзеях, знамянальных датах сусветнай і айчыннай культуры, вядомых дзяржаўных, палітычных, грамадскіх, ваенных дзеячах, народных героях, дзеячах навукі, мастацтва і культуры. Лапыр Баляслаў Нікадзімавіч не адносіцца ні да адной з вышэй пералічаных катэгорый грамадзян. Таму ўсталяванне памятнай дошкі аграному Баляславу Лапыру немагчыма. Разам з тым, раённым выканаўчым камітэтам даручана Глыбоцкаму гісторыка-этнаграфічнаму музею весці збор матэрыялаў і экспанатаў для стварэння музейнай экспазіцыі, прысвечанай правядзенню раённага свята “Вішнёвы фестываль”, у якой будзе раздзел, прысвечаны Баляславу Лапыру, як аграному”.[1]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. .Беларускі аграном Баляслаў Лапыр, 23 траўня, 2013, Зміцер Бартосік, Радыё Свабода