Даўжыня цела 20-27 см, размах крылаў 45-51 см. У гнездавы перыяд у абодвух полаў на грудзях тонкая белая паласа паміж шэра-карычневымі грудзьмі і рудым жыватом. Белыя шчака і брыво. Самка крыху большая за самца. У негнездавы час і маладыя светла-карычнявата-шэрыя са светлым падбрушшам.
Арэал разарваны, лакальна сустракаецца ў Паўднёвай і Цэнтральнай Еўропе, Шатландыі, Скандынавіі, на Урале, у Паўночнай і Цэнтральнай Азіі. Пералётны. Месцы зімовак: басейн Міжземнага мора, Блізкі Усход (ад Марока да Ірака), Аравійскі п-аў, Паўночная Афрыка. На Беларусі вельмі рэдкі, выпадкова залётны пад час міграцый від.
Гняздуе ў гарах, вышэй мяжы лесу на голых скалах з купінамі скупой альпійскай расліннасці. У тундры — на ўзвышшах у камяністых раёнах. У паслягнездавы перыяд трымаецца паблізу ўзбярэжжаў, у плоскіх, адкрытых, без дрэў тэрыторыях, у стэпах з нізкай, моцна згрызенай расліннасцю або на салёных глебах, на чэзлых пасевах і ў нізінных стэпах.
Сілкуецца насякомымі і іншымі беспазваночнымі, галоўным чынам жукамі, мухамі, чарвякамі і слімакамі.
Гняздо ў ямцы, высланай мохам, лішайнікамі і сцёбламі травяністай расліннасці (на дне часта сухое лісце кусцікаў), каля каменя або купіны расліннасці.
Яйкі (звычайна 3, часам 2-4) авальныя, афарбоўка зменлівая: цялеснага колеру, аліўкава-карычневыя, аліўкава-зялёныя, шэра-аліўкавыя, чырвона-карычневыя альбо карычняватыя з цёмна-карычневымі або чырвона-карычневымі паверхневымі вялікімі плямамі і глыбокімі нешматлікімі і шэрымі.