Перайсці да зместу

Чалавек з Гробала

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Галава чалавека з Гробала

Чалавек з Гробала (дацк.: Grauballemanden) — адно з найбольш добра захаваных балотных цел. Чалавек быў знойдзены 26 красавіка 1952 года ў тарфяным балоце ў ваколіцах Сількебарга, Данія.

Цела чалавека з Гробала вельмі добра захавалася (на кісцях рук прысутнічаюць пазногці, а на галаве — валасы). Толькі твар крыху дэфармаваны. Мяркуючы па перарэзе ад вуха да вуха на горле, ён быў забіты і кінуты ў балота. Акрамя таго, у яго была зламаная нага, што, па здагадцы навукоўцаў, адбылося ўжо пасля яго гібелі. Чэрап яго быў злёгку дэфармаваны альбо ад ціску, які даваў тарфянік, альбо з-за таго, што на балоце вялася здабыча торфу.

Згодна з вынікамі радыёвуглероднага аналізу, чалавек з Гробала жыў прыкладна ў той жа перыяд, што і чалавек з Толунда, гэта значыць у эпоху жалезнага веку, і памёр каля 290 г. да н. э. У момант смерці яму было каля 30 гадоў, ён быў ростам каля 175 см. Яго адзенне спарахнела. Даследаванне стрававальнага тракту дапамагло вызначыць яго рацыён — пераважна яго складалі зерне і насенне. Былі выяўленыя і дробныя косткі, якія сведчаць аб тым, што незадоўга да смерці ён еў мяса.

Як і ў выпадку знаходак з іншых балот, эксперты разыходзяцца ў меркаваннях, ці быў чалавек з Гробала прынесены ў ахвяру багам або пакараны.

У цяперашні час цела чалавека з Гробала выстаўлена ў музеі дацкага горада Орхус.