Чалавек з Толунда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Павешаны з Толунда.

Чалавек з Толунда — умоўнае імя мужчыны, які жыў у эпоху дарымскага жалезнага веку і памёр прыкладна ў IV ст. да н.э., цела якога выяўлена ў адным з тарфяных балот у Толундзе каля Сількебарга ў Ютландыі (Данія). Знаходка цікавая добрай захаванасцю цела і асабліва галавы, магчыма, гэта найбольш добра захаванае цела жыхара эпохі са знойдзеных.[1]

Гісторыя выяўлення[правіць | правіць зыходнік]

Жыхары вёскі Толунд — браты Віга і Эміль Хойгарды і іх сваякі — здабывалі торф з балота ў мясцовасці за 10 км на захад ад Сількебарга. Падчас працы яны 6 мая 1950 года выявілі на глыбіні дзвюх з паловай метраў труп мужчыны. Цела добра захавалася, таму браты палічылі, што яго забілі адносна нядаўна, і 8 мая 1950 года звярнуліся ў паліцыю Сількебарга. З-за таго, што цела было выяўлена глыбока, а вакол не засталося ніякіх слядоў нядаўняга злачынства, пра знаходку апавясцілі навукоўцаў. У 1927 і 1938 гадах сяляне ўжо знаходзілі ў мясцовых балотах целы старажытных людзей (першае не захавалася, а другое — гэтак званая жанчына з Элінга — знаходзіцца ў музеі Сількебарга).

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Чалавек з Толунда быў выяўлены лежачы на левым баку ў позе сну. На галаву быў надзеты спічасты скураны капялюшык, пашыты з васьмі кавалкаў аўчыны футрам унутр, а вакол таліі павязаны пояс са скуры. Астатняя вопратка, верагодна, была зроблена з раслінных валокнаў і цалкам спарахнела. Вакол шыі чалавека з Толунда была зацягнута пятля з плеценага скуранога шнура. Найбольш добра захавалася яго галава — настолькі, што, нягледзячы на больш за 2000 гадоў з моманту смерці, на яго твары выразна бачныя дробныя маршчыны і шчацінне. Цела захавалася троху горш: скура месцамі пашкоджана, а кісці рук амаль цалкам спарахнелі да костак.

У наш час у музеі Сількебарга выстаўлена яго галава, прыкладзеная да макета цела (якое ў цэласці захаваць не ўдалося).

Даследаванне[правіць | правіць зыходнік]

Пасля таго, як пласт торфу разам з целам быў выняты з балота, яго змясцілі ў драўляную скрыню і 17 мая 1950 года цягніком адправілі ў Нацыянальны музей Даніі ў Капенгагене. Вызваліўшы цела ад рэштак торфу, навукоўцы памералі яго. Высветлена, што чалавек з Толунда быў невысокім, толькі 162 см ростам. Затым яго агледзеў судмедэксперт і зрабіў выснову, што найбольш верагоднай прычынай смерці было ўдушэнне. Хоць даследаванне рэнтгенаўскімі прамянямі паказала, што шыйныя пазванкі не зламаны, была зроблена выснова, што ён памёр ад павешання, або як ахвярапрынашэння багам, або як пакаранне за злачынства. На карысць гэтай здагадкі распухлы язык, што характэрна для ўдушэння. Даследаванні таксама паказалі, што мозг і ўнутраныя органы — печань, лёгкія і сэрца — вельмі добра захаваліся, а ўзрост на момант смерці складаў прыблізна 40 гадоў.

Вывучэнне стрававальнага тракту чалавека з Толунда дало падрабязную інфармацыю пра час і склад яго апошняй трапезы. Высветлена, што прыкладна за 12-24 гадзіны да гібелі ён еў звараную на вадзе кашу з зерняў і насення (як культываваных, так і дзікарослых) — агулам было выяўлена каля 40 іх відаў, у тым ліку ячмень, ільняное насенне і інш. Слядоў мяса, рыбы ці фруктаў не выяўлена, што дазваляе думаць, што чалавек з Толунда памёр у канцы зімы ці пачатку вясны. На карысць гэтай здагадкі і добрая захаванасць цела, чаму магла спрыяць нізкая тэмпература паветра.

Першапачаткова навукоўцы лічылі, што чалавек з Толунда жыў прыкладна на пачатку 1-га ст. н.э., але праз некалькі гадоў з дапамогай радыевугляроднага аналізу было праведзена больш дакладнае датаванне, якое паказала, што ён жыў на 3-4 стагоддзі раней. Паўторныя даследаванні праводзілі ў 1978 годзе, калі была вывучана ступня і зняты адбітак адзінага захаванага пальца рукі, і ў 2002 годзе.

Зноскі

  1. History of Denmark. DUE, Latvia, 2006 ISBN 87-7976-132-1

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]