Шматгадовазялёная (ва ўмовах Беларусі летнезялёная) паўдрэвападобная папараць вышынёй 80-120 (200) см з моцным разгалінаваным касым карэнішчам. Сцябло ўкарочанае, звычайна прамастойнае, адраўнелае, укрытае рэшткамі чаранкоў апалага лісця і шматлікімі чорнымі паветранымі каранямі. Лісце бледна-зялёнае, буйное, на доўгіх чаранках. Верхнія сегменты лісця вузкалінейныя, спараносныя, па ўсёй паверхні ўкрытыя сорусамі, сабраны ў канцавую сціснутую мяцёлку (спачатку зялёная, па меры выспявання спор становіцца карычневай і да моманту іх высыпання - бурай).
Прыакіянічны (амфіатлантычны) рэліктавы від. Пашырэнне: Скандынавія (поўдзень), Сярэдняя і Атлантычная Еўропа, Каўказ, Закаўказзе, Міжземнамор'е, Малая Азія, Іран. У Беларусі вядома месцазнаходжанне ў Брэсцкім раёне, на ўсходняй мяжы еўрапейскага фрагмента арэала. Месцы росту: сырыя сасновыя, мяшаныя і чорнаальховыя лясы (звычайна ўзлескі), адкрытыя тарфяныя і лясныя балоты, берагі азёр. Расце невялікімі групамі і асобнымі экземплярамі.