Шліфавальны станок

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бесцэнтравы шліфавальны станок

Шліфавальны станокстанок для апрацоўкі вырабаў абразіўным інструментам (шліфаваннем).

Металарэзны шліфавальны станок[правіць | правіць зыходнік]

Выкарыстоўваюць для надання дэталям дакладных памераў і правільнай геаметрычнай формы, змяншэння шурпатасці паверхняў, пры фінішных метадах апрацоўкі, заточванні рэжучых інструментаў, абразанні загатовак і для абдзіркі загатовак, атрыманых коўкай, ліццём, штампоўкай.

Падзяляюцца на кругла-, унутры-, плоска-, бесцэнтрава-шліфавальныя; заточныя, паліравальныя, даводасныя і іншыя; прызначаныя для шліфавання пэўных дэталей (зубчастых колаў, каленчатых валоў, турбінных лапатак і да т.п.).

Вярчэнне шліфавальнага круга — ад індывідуальнага рухавіка праз раменную перадачу, дэталей — ад асобнага прывода з бесступенчатым рэгуляваннем. Прывод зваротна паступальных перамяшчэнняў сталоў і бабак гідраўлічны, падачы на глыбіню — механічны або гідраўлічны.

На Беларусі металарэзныя шліфавальныя станкі выпускаюць Аршанскі станкабудаўнічы завод "Чырвоны барэц", віцебскія заводы ААТ "Вістан", ААТ "Візас", Гомельскі станкабудаўнічы завод.

Дрэваапрацоўчыя шліфавальныя станкі[правіць | правіць зыходнік]

Падзяляюцца на стужачныя, цыліндравыя (барабанныя), дыскавыя, бабінныя, шчотачныя і камбінаваныя.

Дэталі пры апрацоўцы прыціскаюцца да рабочага органа (або наадварот). У некаторых выкарыстоўваецца механічная перадача загатовак. Усе станкі маюць пылапрыёмнікі.

Шліфавальныя станкі ў каменаапрацоўцы[правіць | правіць зыходнік]

У каменаапрацоўцы пашыраны так званыя рукаўныя шліфавальныя станкі, у якіх лёгка мяняецца становішча інструмента пры апрацоўцы, і настольныя шліфавальныя станкі. Пры масавай апрацоўцы абліцовачных вырабаў выкарыстоўваюць аўтаматызаваныя шліфавальныя станкі партальнага, кансольнага ці маставога тыпу.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8 (т. 17)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]