Шырата
Шырата́ — геаграфічная каардыната ў шэрагу сістэм сферычных каардынат, якая вызначае становішча пунктаў на паверхні Землі, Сонца, планет і на нябеснай сферы адносна экватара, экліптыкі.
Геаграфічная шырата φ — гэта вугал паміж вертыкальнай лініяй у гэтым пункце і плоскасцю экватара, які адлічваецца ад 0 да 90° у абодва бакі ад экватара. Геаграфічную шырату пунктаў, якія ляжаць у паўночным паўшар'і, (паўночная шырата) прынята лічыць дадатнай, шырату пунктаў у паўднёвым паўшар'і — адмоўнай. Акрамя таго, прынята гаварыць пра шыроты, большыя па абсалютнай велічыні — як пра высокія, а пра блізкія да нуля — як пра нізкія.
З-за адрознення формы Зямлі (геоіда) ад шара, геаграфічная шырата пунктаў некалькі адрозніваецца ад іх геацэнтрычнай шыраты, г. з. ад вугла паміж кірункам на гэты пункт з цэнтра Зямлі і плоскасцю экватара.
Шырату месца можна вызначыць з дапамогай такіх астранамічных прылад як секстант ці гноман (прамое вымярэнне), таксама можна скарыстацца сістэмамі GPS ці ГЛАНАСС (ускоснае вымярэнне). Ад шыраты, як і ад пары года, залежыць працягласць дня.