Перайсці да зместу

Эфіопскае нагор’е

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эфіопскае нагор’е

Эфіопскае нагор’е — нагор’е на паўночным усходзе Афрыкі, пераважна ў Эфіопіі. Пераважаюць вышыні 2000-3000 метраў. Найбольшая вышыня 4623 м (гара Рас-Дашэн). Стромка абрываецца да раўнін на ўсход і прыступкамі на захад. Складаецца з дакембрыйскага крышталічнага фундаменту, перакрытага магутнымі тоўшчамі пясчанікаў і вапнякоў, базальтавымі лавамі. Ападкі на захадзе і паўднёва-заходніх схілах да 1500 мм, на ўсход да 500 мм за год. З Эфіопскага нагор’я бяруць пачатак рэкі Блакітны Ніл, Атбара, Собат (басейн Ніла), Віба-Шэбелі, Джуба (басейн Індыйскага акіяна).

Характэрна вышынная пояснасць ландшафтаў. Да 1700 м — пояс кола (сярэднегадавыя тэмпературы 20 °C); на наветраных схілах трапічныя лясы, кафейныя плантацыі, на падветранных — саванны. Да 2400 м — пояс война-дэга (сярэднегадавыя тэмпературы 17 °C); пераважаюць саванны. Да 4000 м — пояс дэга (сярэднегадавыя тэмпературы 14 °C); хвойныя лясы, вышэй якіх — высакагорная стэпавая расліннасць. Нацыянальныя паркі — Сымен, Аваш, Гамбела.

Эфіопскае нагор’е — адзін са старажытных раёнаў земляробства, радзіма многіх збожжавых культур, у тым ліку цвёрдай пшаніцы, жыта, ячменю.

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.18 Кн.1: Дадатак: Шчытнікі — ЯЯ / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. — С. 193. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4 (Т. 18 Кн. 1).