Іван Пятровіч Пуліхаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Іван Пятровіч Пуліхаў

Іван Пятровіч Пуліхаў, партыйная мянушка Вася (5 верасня 1879, Мінск — 26 лютага 1906, Мінск) — эсэр, член Лятучага атрада Паўночна-заходняй вобласці.

Нарадзіўся ў сям'і выслужанага двараніна[1]. Скончыў няпоўныя 7 класаў рэальнага вучылішча. З'ехаў у Пецярбург, дзе экстэрнам здаў іспыт на атэстат і паступіў ва ўніверсітэт. Удзельнік рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, за ўдзел у студэнцкіх сходках арыштаваны і высланы да бацькі ў Мінску пад надзор паліцыі. У Мінску Пуліхаў жыў у наймаванай кватэры ў раёне цяперашняй вул. Чычэрына, зарабляў рэпетытарствам, значная частка заробку ішла на выдаткі падпольнай эсраўскай арганізацыі.

Выконваючы прысуд падпольнай арганізацыі эсэраў, разам з А. А. Ізмайловіч, арганізаваў замах і кінуў бомбу ў мінскага губернатара Курлова П. Р. (14.1.1906) (гл. Замах на Курлова), але бомба не падарвалася. Пуліхаў і Ізмайловіч былі арыштаваныя і да суда знаходзіліся гарадской турме. Пуліхаву быў падрыхтаваны пабег, але не адбыўся з-за даносу Аляксандра Хахлова, таксама зняволенага.

16.2.1906 створаным часовым ваенным судом І. Пуліхаў і А. Ізмайловіч асуджаныя да смертнай кары праз павешанне. 20.2.1906 суд разглядаў касацыйнныя скаргі. Касацыйная скарга бацькі Пуліхава не была задаволеная, А. Ізмайловіч прысуд да смертнай кары замянілі на безтэрміновай катаргі. 26.2.1906 прысуд адносна І. Пуліхава быў выкананы, І. Пуліхаў быў павешаны на браме гарадской турмы, палітзняволеныя вывесілі ў вокнах камер чорныя сцягі. Таемна пахаваны на ўсходнім ускрайку Старажоўскіх могілках.

Пра месца пахавання І. Пуліхава ведаў вартаўнік могілак, праз 20 гадоў ён паказаў на гэта месца колішнім паліткатаржанам, якія з'ехаліся ў Мінск. Колішнія паліткатаржане вырашылі ўшанаваць памяць Пуліхава, але грошай не было, таму яны збіралі ахвяраванні на вуліцах Мінска. На сабраныя сродкі на магіле Пуліхава быў усталяваны камень чырвонага граніту. Помнік прастаяў на Старажоўскіх могілках да пачатку іх ліквідацыі ў 1954 годзе.

У 1954 г. І. Пуліхава перепахавалі на Вайсковых могілках куды перавезлі і камень, пазней была ўсталяваная агароджа і надмагільная пліта ружовага мармуру. Магіла знаходзіцца злева ад уваходу на Вайсковыя могілкі, на камяні надпіс пра тое, што ён пастаўлены паліткатаржанамі ў 1928 годзе. Імем І. Пуліхава названая вуліца ў Мінску (гл. вул. Пуліхава) ў раёне рабочай слабады Ляхаўка, дзе калісьці праходзілі канспіратыўныя эсэраўскія сходкі.

Зноскі

  1. Бацька, Пётр Мацвеевіч Пуліхаў, скончыў Курскае землемернае вучылішча і быў прызначаны межавіком (землемерам) у Мінскае губернскае ўпраўленне землеробста і дзяржаўных маёмасцей, дзе служыў 36 гадоў. Выслужыў дваранства і чын калежскага асесара. Прафесія — тапограф. Сталаначальнік. Узнагароджаны сярэбраным медалём у памяць Аляксандра III. У Мінску ажаніўся, набыў дом з садам. Меў трох сыноў і дачку.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Commons
  • Пулихов Иван // История Беларуси: Словарь-справочник. —Мн: Экономпресс, 2000. ISBN 985-6479-22-3;
  • Бугаенко В. Иван Пулихов — кто он? Именем одного из первых террористов Беларуси названа улица Минска // Вечерний Минск, февр. 10, 1997.