Рэвалюцыя 1905—1907 гадоў у Расіі

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Рэвалюцыя 1905 года
Першая руская рэвалюцыя
Repin 17October.jpg
17 кастрычніка 1905 года. Карціна Ільі Рэпіна.
Краіна

Сцяг Расійскай імперыі Расійская імперыя

Дата

(22) студзеня 1905  — 3 (16) чэрвеня 1907

Прычына

Зямельны голад; шматлікія парушэнні правоў рабочых; нездаволенасць наяўным узроўнем грамадзянскіх свабод; дзейнасць ліберальных і сацыялістычных партый; Абсалютная ўлада імператара, адсутнасць агульнанацыянальнага прадстаўнічага органа і канстытуцыі.

Асноўная мэта

Паляпшэнне ўмоў працы; перадзел зямлі на карысць сялян; лібералізацыя краіны; пашырэнне грамадзянскіх свабод;

Вынік

Установа парламента; Трэцячэрвеньскі пераварот, рэакцыйная палітыка ўлад; правядзенне рэформ; захаванне праблем зямельнага, рабочага і нацыянальнага пытанняў.

Арганізатары

Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, РСДРП, СДКПіЛ, Польская сацыялістычная партыя, Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз Літвы, Польшчы і Расіі, Латышскія лясныя браты, Латвійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя, Беларуская сацыялістычная грамада, Фінляндская партыя актыўнага супраціву, Поалей Цыён, «Хлеб і воля», абрэкі і іншыя

Колькасць удзельнікаў

Звыш 2 000 000

Праціўнікі

Армейскія часткі; прыхільнікі імператара Мікалая II, розныя чарнасотныя арганізацыі.

Загінула

9000

Паранена

8000

Арыштавана

н/д

Руская рэвалюцыя 1905 года, або Першая руская рэвалюцыя — назва падзей, якія адбываліся ў перыяд са студзеня 1905 па чэрвень 1907 г. у Расійскай імперыі.

Рэвалюцыя была выклікана рэзкім абвастрэннем эканамічнага і сацыяльна-палітычнага становішча ў сувязі з руска-японскай вайной (1904—05). Штуршком да пачатку масавых выступаў пад палітычнымі лозунгамі стала «Крывавая нядзеля» — расстрэл імператарскімі войскамі ў Санкт-Пецярбургу мірнай дэманстрацыі рабочых на чале са святаром Георгіем Гапонам(22) студзеня 1905. У гэты перыяд стачачны рух прыняў асабліва шырокі размах, у арміі і на флоце адбыліся хваляванні і паўстанні, што вылілася ў масавыя выступы супраць манархіі.

Выступленні салідарнасці з рабочымі сталіцы ахапілі ўсю краіну. У студзені— сакавіку 1905 баставалі 810 тыс. прамысловых рабочых. У многіх месцах забастоўкі і дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненнямі з войскамі і паліцыяй. Барацьба разгортвалася пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Далоў вайну!», «Няхай жыве рэвалюцыя!». Вырасла папулярнасць левых партый (РСДРП, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.).

У красавіку 1905 на III з'ездзе РСДРП бальшавікі ахарактарызавалі рэвалюцыю, як буржуазна-дэмакратычную і пралетарскую. Буржуазію яны лічылі няздольнай узначаліць рэвалюцыйную барацьбу, таму адзіным саюзнікам пралетарыяту, на іх думку, было сялянства, што змагалася за зямлю. Бальшавікі заклікалі шляхам арганізацыі ўзброенага паўстання скінуць самадзяржаўе І ўстанавіць уладу часовага рэвалюцыйнага ўрада, органа пралетарыяту і сялянства, да склікання Устаноўчага сходу. Меншавікі (правае крыло РСДРП) склікалі асобную канферэнцыю, на якой вызначылі, што рэвалюцыя з'яўляецца і паводле характару, і паводле рухаючых сіл буржуазнай. 3 гэтага вынікала, што галоўнай задачай рэвалюцыі з'яўляецца пераход улады да буржуазіі і стварэнне ў Расіі парламенцкай рэспублікі.

На працягу 1905 рэвалюцыя развівалася па ўзыходнай лініі. Яе вясенне-летні ўздым пачаўся масавымі першамайскімі забастоўкамі рабочых (220 тыс. удзельнікаў). Свята Першае мая адзначалася ў 200 гарадах. Больш за 2 месяцы баставалі рабочыя г. Іванава-Вазнясенск, дзе для кіраўніцгва выступленнем быў створаны першы Савет упаўнаважаных дэпутатаў.

Буйная падзея рэвалюцыі — паўстанне каманды браняносца «Пацёмкін» на Чорным моры (чэрвень—ліпень 1905). Амаль адначасова адбылося паўстанне маракоў на Балтыцы ў Лібаве). Усяго летам 1905 адбылося больш за 10 выступленняў у арміі і на флоце.

Крыху пазней пачаў разгортвацца сялянскі рух, у якім пераважным уплывам карысталіся сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры). Па іх ініцыятыве ў жніўні 1905 у Расіі ўзнікла першая масавая арганізацыя сялян — Усерасійскі сялянскі саюз, які выступаў за мірныя метады барацьбы (перагаворы, петыцыі). Разам з тым эсэры актыўна выкарыстоўвалі ў барацьбе з царскімі ўладамі тактыку індывідуальнага тэрору. Летам 1905 толькі ў Еўрапейскай Расіі адбылося больш за 900 сялянскіх выступленняў.

Напалоханы размахам рэвалюцыі ўрад 19.8.1905 апублікаваў маніфест аб скліканні законадарадчай думы. Аднак гэты праект не задаволіў не толькі рэвалюцыйны лагер, але і лібералаў, і не быў ажыццёўлены.

Восень 1905 характарызавалася далейшым нарастаннем рэвалюцыйных выступленняў. У пачатку кастрычніка 1905 у Маскве забаставалі рабочыя Галоўных майстэрань Казанскай чыгункі, хутка да іх далучыліся практычна ўсе чыгункі Маскоўскага вузла. Гэтыя падзеі сталі пачаткам Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі (каля 2 млн удзельнікаў), якая праходзіла пад заклікамі дэмакратычных свабод і склікання Устаноўчага сходу і фактычна паралізавала эканамічнае жыццё краіны. Да рабочых далучыліся служачыя і дробная буржуазія. Ствараліся Саветы рабочых дэпутатаў.

Ва ўрадавым лагеры адчувалася збянтэжанасць. Войскі неахвотна выконвалі навязаныя ім паліцэйскія функцыі па задушэнні народнага незадавальнення. Найбольш кансерватыўныя сілы ў акружэнні цара Мікалая II заклікалі ўжыць жорсткія меры, больш дальнабачныя прапаноўвалі пайсці на пэўныя ўступкі. У выніку гэтых ваганняў цар падпісаў Маніфест 17 кастрычніка (30.10.1905 па новым стылі) «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», у якім дэкларавалася ўвядзенне дэмакратычных свабод і скліканне Дзяржаўнай думы з заканадаўчымі функцыямі.

Для расійскіх лібералаў абнародаванне маніфеста азначала перамогу і адначасова канец рэвалюцыі. Іх мэты былі дасягнуты. Расійская буржуазія і дваранства пачалі ствараць партыі на легальнай аснове. Былі арганізаваны партыя буйной буржуазіі і капіталістычна арыентаваных памешчыкаў — Саюз 17 кастрычніка (Акцябрысты), партыя ліберальнай буржуазіі — Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты). Нягледзячы на істотныя разыходжанні ў праграмах, акцябрысты і кадэты былі адзіныя ў імкненні ператварыць Расію ў канстытуцыйную манархію. Акрамя буржуазных кансалідваліся і крайне правыя (чарнасоценныя) партыі, сацыяльнай базай якіх было памеснае дваранства, духавенства і найбольш цёмныя нізы горада і вёскі, пранізаныя манархісцкім і нацыяналістычным духам. Найбольш масавым быў створаны ў лістападзе 1905 Саюз рускага народа.

Маніфест 17 кастрычніка не спыніў напалу рэвалюцыйнай барацьбы. Увосень 1905 актывізавалася сялянства, у лістападзе Сялянскі саюз абвясціў аб далучэнні да ўсеагульнай забастоўкі. Сяляне патрабавалі раздзелу памешчыцкай зямлі.

Рэвалюцыянізацыя сялянства адбівалася на настроях у арміі і на флоце, бо большасць салдат і маракоў былі выхадцамі з сялян. Найбольшы грамадскі рэзананс мела Севастопальскае паўстанне (1905).

Адным з найбольш вострых пытанняў рэвалюцыі было нацыянальнае. Русіфікатарская палітыка самадзяржаўя прывяла да ўздыму нацыянальна-вызвольнай барацьбы ў імперыі. У Фінляндыі, Польшчы, Прыбалтыцы, Закаўказзі, Украіне і інш. народы патрабавалі ўраўнавання ў правах, магчымасці атрымліваць адукацыю на роднай мове, развіваць нацыянальную культуру. Адбываўся працэс стварэння нацыянальных палітычных партый.

Кульмінацыяй рэвалюцыі стала Снежаньская ўсерасійская палітычная стачка (1905), якая перарасла ва ўзброенае паўстанні ў Маскве і многіх гарадах поўдня Расіі, Урала, Сібіры, Украіны. Усе яны былі жорстка задушаны войскамі і паліцыяй, якім не маглі процістаяць рабочыя з іх тактыкай барыкадных баёў.

Пачаўся паступовы спад рэвалюцыі, хоць часам хвалі рабочых, сялянскіх, салдацкіх і матроскіх выступленняў (Свеаборгскае паўстанне (1906), Кранштацкае паўстанне (1906) і інш.) узнімаліся даволі высока.

На апошнім этапе рэвалюцыі (1906—07) у сувязі з узмацненнем урадавага тэрору паліт. барацьба ў значнай ступені перамясцілася ў Дзяржаўную думу, у 1-м (10.5—21.7.1906) і 2-м (5.3—15.6.1907) складах якой існавала лева-ліберальная большасць (кадэты, трудавікі, народныя сацыялісты, сацыял-дэмакраты і інш.), шырока абмяркоўваліся пытанні аграрнай рэформы. У той жа час спробу рэфармавання краіны пачаў старшыня Савета міністраў П. Сталыпін. Аднак амаль усе прапанаваныя ім законапраекты былі правалены Думай і царскім акружэннем, якое бачыла ў Сталыпіне «разбуральніка асноў». Канцом рэвалюцыі 1905—07 лічыцца «трэцячэрвеньскі пераварот» 3 (16) чэрвеня 1907, калі царызм распусціў 2-ю Дзяржаўную думу.

За рэвалюцыяй рушыла ўслед рэакцыя. Былі зменены правілы выбараў у Дзяржаўную думу для павелічэння колькасці лаяльных да манархіі дэпутатаў; улады на месцах не выконвалі дэклараваныя ў Маніфесце 17 кастрычніка 1905 года свабоды; найбольш істотнае для большасці насельніцтва краіны аграрнае пытанне не было вырашана.

Такім чынам, сацыяльнае напружанне, якое выклікала Першую рускую рэвалюцыю, не было цалкам вырашана, што вызначыла перадумовы для наступнага рэвалюцыйнага выступу 1917 года.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Філякоў У. Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі // БЭ ў 18 т. Т. 13. Мн., 2001.
  • B. Pares Russia and reform — London: A. Constable & co., ltd., 1907.
  • Anthony J Heywood, Jonathan D Smele. The Russian Revolution of 1905: Centenary Perspectives (Routledge Studies in Modern European History) — Routledge, 2005. — ISBN 0415355680.
  • Abraham Ascher. The Revolution of 1905: Russia in Disarray — Stanford, USA: Stanford University Press, 1994. — ISBN 0804723273.
  • Революция 1905—1907 гг. в Белоруссии / Е. П. Лукьянов, А. И. Воронова; О-во по распространению полит. и науч. знаний БССР
  • Рабочы рух у Беларусі напярэдадні і ў перыяд рэвалюцыі 1905—1907 гг. — Мн., 1960

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]