Аналы

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Аналы (множны лік, лац.: Annales ад annus — год) — запісы па гадах падзей, звязаных з жыццём горада, вобласці або краіны. Аналы меліся ўжо ў егіпцян, шумераў, персаў, кітайцаў, старажытных грэкаў (ώρα). Сваю сапраўдную назву аналы атрымалі ў рымлян. Матэрыялам для найстаражытных рымскіх аналаў паслужылі запісы жрацоў (Commentarii Pontificum) на драўляных дошках, пакрытых гіпсам, са штогадовай пазнакай консулаў. Гэтыя дошкі выстаўляліся для ўсеагульнага агляду, на іх запісваліся найважныя падзеі: імёны вышэйшых чыноўнікаў, сонечныя і месяцовыя зацьменні, знакі і іншыя, пазней — звесткі аб павышэнні коштаў, пра войны і г.д.

Найстаражытныя запісы, відаць, загінулі пры пажары Рыма ў 387 да н.э. падчас нашэсця галаў, але затым былі адноўлены па памяці і працягнуты. Каля 130 да н.э. аналы былі зведзены Публіем Муцыем Сцэволай у зборнік з 80 кніг пад назвай «вялікіх аналаў» (Annales maximi). Вядзенне аналаў спынілася паміж 123 і 114 да н.э.

Хоць старажытнарымскія аналы да нас не дашлі, імі карысталіся як крыніцай шматлікія рымскія гісторыкі (напрыклад, Ціт Лівій), якія таксама часам давалі сваім сачыненням назва і форму аналаў. У гісторыкаў старажытнай Грэцыі форма аналаў была распаўсюджана да Герадота.

Вялікае распаўсюджванне аналы атрымалі ў Сярэднявеччы, калі амаль кожны буйны манастыр вёў свае пагадовыя запісы. Такія сярэднявечныя аналы гістарычна развіліся з кароткіх запісаў на палях табліц, якія вызначаюць даты святкавання хрысціянскага Вялікадня ў розныя гады.

Аналагічныя аналы на Русі ў айчыннай гістарыяграфіі носяць назву летапісаў.

У сучаснай мове слова аналы часта выкарыстоўваецца ў значэнні «хроніка», запіс значных падзей. У гэтым сэнсе выраз «увайшоў у аналы» сінанімічны выразу «ўвайшоў у гісторыю».

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]