Вясна гола перапала

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вясна гола перапала
Жанр верш[d]
Аўтар невядома
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання XIX стагоддзе
Дата першай публікацыі 1896
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

«Вясна гола перапала» (у некаторых выданнях «Вясна, голад, перапала») — беларускі ананімны верш XIX ст.

Знойдзены ў архіве В. Дуніна-Марцінкевіча, перапісаны яго рукой, але, відаць, аўтарства яму не належыць.

Упершыню апублікаваны ў брашуры М. Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма „Тарас на Парнасе“» (Віцебск, 1896 год), іншы варыянт — у брашуры Е. Раманава «„Тарас на Парнасе“ і іншыя беларускія вершы» (Магілёў, 1900).

Напісаны, верагодна, напярэдадні сялянскай рэформы 1861 года, бо выяўляе настроі беларускага сялянства перад адменай прыгону. Прасякнуты пафасам крытыкі прыгонніцтва, панства; разам з тым у ім выразна відаць абмежаванасць сялянскіх уяўленняў аб справядлівасці і свабодзе, якія нібыта можна атрымаць ад цара. Твор кампазіцыйна зладжаны, просты, матывамі блізкі да народнай паэзіі. Мова яго багатая фразеалагізмамі. Напісаны 4-стопным харэем, гучыць лёгка, свабодна.

Аўтар піша пра вясну, калі амаль не засталося ежы людзям і корма быдлу, але градацыя настрою пазітыўная, бо ён спадзяецца на наданне неўзабаве агульнай свабоды ад прыгону, тады і «холад, голад ніпачом!», абы толькі стаць вольнымі. Нястачы адыходзяць на другі план перад праблемай няволі і яе магчымым вырашэннем.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лазарук М. А. «Вясна гола перапала» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 402. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
  • Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя. Хрэстаматыя: 2-е выданне, перапрацаванае і дапоўненае, складальнікі і аўтары каментарыяў А. А. Лойка, В. П. Рагойша. — Мн.: Выш. шк., 1988. — ISBN 5-339-00060-5.
  • Гісторыя беларускай літаратуры ХІХ — пачатак ХХ ст. Выданне 2-е, дапрацаванае. Пад агульнай рэдакцыяй акадэміка АН Беларусі М. А. Лазарука і прафесара А. А. Семяновіча. — Мн.: Выш.шк., 1998. — ISBN 985-06-0304-6.