Геаграфія Гвінеі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Гвінея — дзяржава Заходняй Афрыкі.

Больш за палову тэрыторыі краіны займаюць невысокія горы і плато. Атлантычнае ўзбярэжжа моцна парэзана эстуарямі рэк і занята алювіяльна-марской нізінай шырынёй 30-50 км. Далей ўступамі падымаецца плато Фута-Джалон, падзеленае на асобныя масівы вышынёй да 1538 м (гара Тамга). За ім, на ўсходзе краіны, размешчана ўзнёслая акумуляцыйная-дэнудацыйная пластовая раўніна, на поўдзень ад якой падымаецца Паўночна-Гвінейскае ўзвышша, якое пераходзіць у цокальнае плато (≈ 800 м) і глыбавае нагор'е (гара Німба — вышэйшая кропка краіны вышынёй 1752 м).

З захаду абмываецца Атлантычным акіянам.

Агульная працягласць мяжы 3 399 км: з Кот-д'Івуар — 610 км, Гвінея-Бісау — 386 км, Ліберыя — 563 км, Малі — 858 км, Сенегал — 330 км, Сьера-Леонэ — 652 км.

Агульная плошча 245 857 км².

Найважнейшымі карыснымі выкапнямі Гвінеі з'яўляюцца баксіты, па запасах якіх краіна займае першае месца ў свеце. Здабываюцца таксама золата, алмазы, руды чорных і каляровых металаў, цыркону, руціл, манацыт.

Клімат — субэкватарыяльны з рэзка выяўленным чаргаваннем сухога і вільготнага сезонаў. Вільготнае лета доўжыцца ад 3-5 месяцаў на паўночным усходзе да 7-10 месяцаў на поўдні краіны. Тэмпература паветра на ўзбярэжжы (≈ 27 °C), ва ўнутраных раёнах (≈ 24 °C) краіны, за выключэннем перыядаў засухі, калі вецер харматан, што дзьме з Сахары, павышае тэмпературу паветра да 38 °C.

Густая і шматводная рачная сетка Гвінеі прадстаўлена рэкамі, што сцякаюць з плато на ўсходнюю раўніну і ўпадаюць там у Нігер, і рэкамі, што цякуць з гэтых жа плато непасрэдна ў Атлантычны акіян. Рэкі суднаходныя толькі на невялікіх, пераважна вусцевых участках.