Геранім Уладзіслаў Кеневіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Геранім Уладзіслаў Кеневіч
Нараджэнне 6 верасня 1834(1834-09-06)[1]
Смерць 6 (18) чэрвеня 1864[1] (29 гадоў)
Род Кеневічы
Бацька Фелікс Кеневіч
Адукацыя
Дзейнасць інжынер
Бітвы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геранім Уладзіслаў Кеневіч, Геранім Феліксавіч Кеневіч (польск.: Hieronim Władysław Kieniewicz, руск.: Иероним Владислав Кеневич / Иероним Феликсович Кеневич; 6 верасня 1834, Мец, Францыя — 6 (18) чэрвеня 1864, Казань, Расійская імперыя) — рэвалюцыйны дзеяч, інжынер-будаўнік, удзельнік Студзеньскага паўстання (1863—1864).

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Кеневічаў герба «Равіч». Нарадзіўся 6 верасня 1834 года ў горадзе Мец (Францыя) у сям’і Фелікса Кеневіча, які эміграваў у Францыю пасля паражэння паўстання 1830—1831 гадоў, і Фяліцыі Скрашэўскай[3], родам з аўстра-венгерскай Галіцыі. Па праву нараджэння ў Францыі аўтаматычна атрымаў французскае грамадзянства.

Адукацыя і праца ў Францыі[правіць | правіць зыходнік]

Вучыўся ў Нансі. 14-гадовым падлеткам упершыню праявіў свае палітычныя погляды, прыняўшы ўдзел у рэвалюцыйнай барацьбе на барыкадах Парыжа ў 1848 годзе.

У 1853 годзе скончыў Цэнтральную школу мастацтваў і рамёстваў у Парыжы (École central Paris), найвядомейшую і найбуйнейшую ўніверсітэцкую тэхнічную ўстанову Францыі. Атрымаў дыплом інжынера-будаўніка. Дзякуючы бліскучай вучобе былы студэнт тут жа становіцца выкладчыкам Політэхнічнага таварыства ў Парыжы. Крыху пазней рушылі ўслед запрашэнні на кіруючыя пасады адразу ад двух чыгуначных кампаній у Францыі.

Дзейнасць бацькі, жыццё ў эміграцыі, усё больш шырокае распаўсюджванне прагрэсіўных поглядаў на грамадскія адносіны і парыжскія падзеі аказалі вырашальны ўплыў на лёс юнака.

Пераезд у Мазыр[правіць | правіць зыходнік]

У 1857 годзе разам з бацькам Феліксам Кеневічам па расійскай амністыі (за ўдзел Фелікса Кеневіча ў Лістападаўскім паўстанні) вярнуўся ў Мазыр[4]. З 1857 года працаваў інжынерам на будаўніцтве чыгункі ў Расійскай імперыі. У 1860 годзе стаў галоўным інжынерам Саратаўскай чыгуначнай лініі. Быў цесна звязаны з польскімі і беларускімі рэвалюцыянерамі, у прыватнасці, Зыгмунтам Серакоўскім, і рускімі рэвалюцыйнымі кружкамі ў Маскве напярэдадні і ў перыяд паўстання 1863—1864 гадоў.

Удзел у Студзеньскім паўстанні (1863—1864)[правіць | правіць зыходнік]

Напалеон Феліксавіч Яленскі (1810—1883) і Геранім Феліксавіч Кеневіч (справа), землеўласнікі Мазырскага павета Мінскай губерні. Каля 1863 г.

У студзені 1863 года ў Вільні прадставіў камітэту партыі «белых» паўстанцаў план правакацыйных дзеянняў і рэвалюцыйных дыверсій у глыбінных губернях Расіі, на што атрымаў 15 тысяч рублёў. Пабываў у Санкт-Пецярбургу і Маскве. У пачатку мая зноў прыехаў у Вільню, дзе адчытаўся пра сваю дзейнасць. Літоўскі правінцыйны камітэт дэлегаваў яго ў якасці прадстаўніка Літвы ў Нацыянальны ўрад. Прыехаўшы ў Парыж, у якасці дыпламатычнага агента Нацыянальнага ўрада атрымаў 25 тысяч рублёў, прызначаных для набыцця зброі, і ліст ад князя Уладзіслава Чартарыйскага.

У пачатку 1863 года выступіў у ролі галоўнага арганізатара рэвалюцыянераў, якія спрабавалі падняць ваенна-сялянскае паўстанне ў Паволжы ўвесну 1863 года па пагадненні паміж кіраўнікамі паўстання ў Польшчы, Літве і Беларусі і членамі тайнага рэвалюцыйнага таварыства «Зямля і воля».

Стаяў на чале Казанскай змовы ў 1863 годзе і прыхільнікаў неадкладнага рэвалюцыйнага дзеяння, у лік якіх уваходзілі Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы і частка членаў маскоўскай арганізацыі «Зямля і воля». Змоўшчыкі разлічвалі ўцягнуць сялян у паўстанне аўтарытэтам царскай улады. Меркавалася, што цэнтрам паўстання стане Казань (адсюль гэта акцыя атрымала назву «казанскай змовы»).

У сакавіку 1863 года ў Маскве быў аддрукаваны падроблены маніфест нібыта ад імя імператара Аляксандра II і пракламацыі ад імя «Часавага народнага праўлення», якія заклікалі народ да неадкладнага паўстання і стварэння органаў рэвалюцыйнай улады для перадачы ўсёй зямлі сялянам і ажыццяўлення іншых рэвалюцыйных патрабаванняў.

Геранім Уладзіслаў Кеневіч

Па задуме змоўшчыкаў, паўстанне, пачаўшыся ў Казанскай губерні, павінна было ахапіць Ніжняе Паволжа, Урал, Дон, а затым аб’яднацца з паўстаннем у Польшчы, Літве і Беларусі. Гэты план быў маларэальны і большасць казанцаў яго не падтрымала. Казанская змова праводзілася насуперак волі Цэнтральнага і Казанскага камітэтаў «Зямлі і волі», якія лічылі арганізацыю паўстання несвоечасовай.

Па даносе правакатара Гласона ў канцы красавіка змова была выкрыта. Дзеянні ўдзельнікаў змовы былі перапынены шматлікімі арыштамі. 31 чалавек быў адданы пад ваенны суд, па прысудзе якога пяць чалавек: інжынер Геранім Уладзіслаў Кеневіч, афіцэры Напалеон Казімір Іваніцкі, Аляксандр Мрочак, Рамуальд Ільіч Станкевіч (6 чэрвеня 1864 г. у 7 гадзін раніцы былі расстараляны на беразе ракі Казанкі) і Максміліян Андрэевіч Чарняк (расстраляны 11 кастрычніка 1865 г.) былі расстраляныя, астатнія адпраўлены на катаргу і ў ссылку.

Зноскі

  1. а б Hieronim Władysław Kieniewicz // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  2. Голос минувшаго - Выпуски 7-9 - Страница 214
  3. Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… – Wrocław, 1989. — С. 31.
  4. Кеневіч Фелікс // Удзельнікі паўстання 1830–1831 гг. на Беларусі: Біябібліяграфічны слоўнік / В. В. Гарбачова. — Мн.: БДУ, 2004. — 400 с. — ISBN 985-485-144-3.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Советская историческая энциклопедия / Под ред. Е. М. Жукова. — М.: Советская энциклопедия, 1973—1982.
  • Большая советская энциклопедия. — М.: Советская энциклопедия, 1969—1978.
  • Сборник «За нашу и вашу свободу: Герои 1863 года». Серия «ЖЗЛ». 1964
  • Смирнов, А. Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии / А. Ф. Смирнов. — М. : АН СССР, 1963. — 392 с.
  • Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў : біяграфічны слоўнік : (паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі) / Дзмітрый Матвейчык ; Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Республікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. — Мінск: Беларусь, 2016. — 734 с. — 400 экз. — ISBN 978-985-01-1159-3.
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 1. — 422 s.
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 2. — 384 s.
  • Kieniewicz, S. Dereszewicze. 1863 / S. Kieniewicz. — Wroclaw-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Lodź : Ossolineum, 1986. — 192 s.
  • Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… Wspomnienia zamierzchłej przeszłości / A. Kieniewicz. – Wrocław etc. : Ossolineum, 1989. — 558 s.
  • Stefan Kieniewicz, Hieronim Władysław Kieniewicz, w: Polski Słownik Biograficzny, 1966—1967, t. XII, s. 416—417
  • Ramotowska, F. Tajemnie państwo polskie w powstaniu styczniowym 1863—1864: struktura organizacyjna : w 2 cz. / F. Ramotowska. — Warzsawa : DiG, 1999—2000. — Cz. 1. — 1999. — 727 s.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]