Глей

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Глей

Глей, буза́, мул — тонказярністая мяккая горная парода з сумясі мінеральных і арганічных рэчываў, якія адкладаюцца на дне вадасцёкаў і вадаёмаў.

Глей у прыродных умовах знаходзіцца ў цякучым стане, пры высушванні набывае ўласцівасці цвёрдага цела. Утрымлівае вялікую колькасць вельмі дробных фракцый: ад 30% да 50% часцінак маюць памер меншы за 0,01 мм.

На дне мораў і кантынентальных вадаёмаў (азёр, сажалак) распаўсюджаны глеі, якія складаюцца з тонказярністых прадуктаў разбурэння горных парод (тэрыгенны, гліністы, вапняны глей) і з мікраскапічных ракавін ці шкілетных парэшткаў марскіх арганізмаў (глобігерынавы, дыяматавы, радыёлярыевы глей). Вылучаюць глеі, узбагачаныя вулканічным попелам (вулканічны глей).

Часам глей узбагачаны арганічным рэчывам (сапрапель), раскладанне якога выклікае серавадароднае заражэнне ці развіццё гніластных працэсаў (гнілы глей).

Глей з'яўляецца пачатковай стадыяй фармавання звязаных асадкавых парод.

Глей выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы як угнаенне ці ў кампоставых кучах. Пэўныя віды глею (азёрны, сажалкавы, лагунны) ужываюць як угнаенне і для мінеральнай прыкормкі хатніх жывёл, а таксама ў медыцыне для гразелячэння.