Дажджавыя чэрві
| Дажджавыя чэрві | ||||||||||||||
Дажджавы чарвяк Lumbricus terrestris
|
||||||||||||||
| Навуковая класіфікацыя | ||||||||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Царства: | ||||||||||||||
| Раздзел: | ||||||||||||||
| Тып: | ||||||||||||||
| Клас: | ||||||||||||||
| Атрад: |
Haplotaxida |
|||||||||||||
| Падатрад: |
Дажджавыя чэрві |
|||||||||||||
| Навуковая назва | ||||||||||||||
|
Lumbricina |
||||||||||||||
|
||||||||||||||
Дажджавыя чэрві, земляныя чэрві (Lumbricina) — агульная назва 5 сямействаў кольчатых чарвей класа алігахетаў, або малашчацінкавых кальчацоў.
Каля 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у глебе, подсціле, буйныя віды рыюць хады глыбінёю да 8 м. На Беларусі 13 відаў, найбольш пашыраны пашавы чарвяк, малы чырвоны чарвяк, або малы выпаўзак, эйзеніела чатырохгранная, гааявы чарвяк, вялікі чырвоны выпаўзак і інш.
Даўжыня 2 см — 3 м (Eisenia magnifica), шырыня да 20 мм. Цела цыліндрычнае, крыху сплясканае або чатырохграннае, светла-шэрае, зялёнае, вішнёва-чырвонае, чорна-бурае. Складаецца з 60 — 450 членікаў (сегментаў), на кожным з іх (акрамя першага) ад 8 да некалькіх дзесяткаў шчацінак, што дапамагаюць пры поўзанні і ўтрыманні ў нары. На пярэднім канцы цела паясок, што выдзяляе рэчыва, якое склейвае дзве асобіны пры спароўванні і ўтварае яйцавы кокан. Добра развітыя нервовая, крывяносная, стрававальная, выдзяляльная і палавая сістэмы, органы дотыку, нюху, здольнасць да рэгенерацыі. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты.
Актыўныя ноччу, днём выпаўзаюць з зямлі толькі пасля дажджу (адсюль назва). Сапрафагі. Жывяцца пераважна рэшткамі раслін.
Рыхляць і ўзбагачаюць глебу мінеральнымі рэчывамі, надаюць ёй устойлівую дробна-камякаватую структуру, спрыяюць аэрацыі і ўвільгатненню. Некаторыя — гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў жывёл і чалавека.