Забудова вуліцы Леніна (Глыбокае)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Забудова вуліцы Леніна
Краіна  Беларусь
Горад Глыбокае
Будаўніцтва XIXXX стагоддзі
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000367шыфр 213Г000367

Забудова вуліцы Леніна — забудова ў горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці. Будынкі адносяцца да ўзораў гістарычнай забудовы горада, што фарміраваліся ў другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя і з’яўляюцца аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны. Захаваліся дамы № 5, № 11, № 13, № 38, № 40.

Дом № 5[правіць | правіць зыходнік]

Пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя з цэглы як жылы. Размешчаны адасоблена, галоўным вузкім фасадам выходзіць на «чырвоную лінію» вуліцы. Двухпавярховы будынак з пакатым вальмавым дахам, прамавугольны ў плане, выцягнуты ў бок двара. Галоўны фасад сіметрычнай кампазіцыі з рытмам прамавугольных аконных праёмаў і балконам у цэнтры. Архітэктурны дэкор складаюць ліштвы праёмаў, філёнгі, міжпаверхавы і завяршальны карнізы. Кожны з паверхаў дома падзелены на 4 кватэры, аб’яднаныя вакол цэнтральнай лесвіцы.

У міжваенны перыяд (1920—1930) у гэтым будынку размяшчалася аптэка, якая належала глыбоцкаму яўрэю Атону Фейертаку.

Дом № 11[правіць | правіць зыходнік]

З’яўляецца ўзорам гарадской забудовы пачатку ХХ стагоддзя. У міжваенны перыяд гэты дом належаў глыбоцкаму яўрэю Іцэку Трэйстэру.

Дом № 13[правіць | правіць зыходнік]

Пабудаваны ў XIX — пачатку XX стагоддзя з цэглы як жылы. Планіровачна выцягнуты ў двор, з якога ёсць дадатковы ўваход. Аднапавярховы будынак. Галоўны вулічны фасад завершаны трохвугольным шчытом, вылучаным карнізамі з дэнтыкуламі. Прамавугольныя вокны аздоблены сандрыкамі і філёнгамі.

Дом № 38[правіць | правіць зыходнік]

Дом № 38

Пабудаваны ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя з цэглы як жылы. У міжваенны перыяд (1920—1930) у гэтым будынку размяшчаўся магазін вырабаў з металу, які належаў Янкелю Шэйнкеру.

Планіровачна развіты ў глыбіню двара і выходзіць на «чырвоную лінію» вуліцы вузкім тарцовым фасадам. Двухпавярховы будынак з вальмавым дахам. Галоўны фасад сіметрычны, з рытмам лучковых акон і 2 уваходамі. У яго пластыка-дэкаратыўнай аздобе выкарыстаны лучковыя сандрыкі з замковымі камянямі, вуглавыя лапаткі, прафіляваны карніз. Планіроўка зменена, дом прыстасаваны для прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання.

Дом № 40[правіць | правіць зыходнік]

Дом № 40

Пабудаваны ў другой палове XIX стагоддзя з цэглы як жылы. У 1920-1930-х гадах ХХ стагоддзя у гэтым будынку размяшчаўся кінатэатр «Корса», які належыць глыбоцкаму яўрэю Саламону Шрырко.

Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Падоўжаны вулічны фасад рытмічна члянёны радамі лучковых акон з сандрыкамі і замковымі камянямі. Фасад па перыметры абмежаваны прафіляваным карнізам, бакавымі лапаткамі, цокальным выступам. Планіроўка зменена, дом прыстасаваны пад кінатэатр. Забудова па вуліцы Леніна — характэрны помнік горадабудаўніцтва Беларусі канца XIX — пачатку XX ст.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Вярцінская, А. В. Нашы гісторыка-культурныя каштоўнасці : архітэктурныя будынкі Глыбокага / А. В. Вярцінская // Веснік Глыбоччыны. — 2005. — 7 верас. — С. 3.
  • Кулагін, А. М. Забудова вуліцы Леніна / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. — С. 225—226.
  • Кулагін, А. М. Забудова вуліцы Маскоўскай / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. — С. 226.
  • Шыталь, К. Глыбачане набылі для музея рэдкую паштоўку / К. Шыталь // Вольнае Глыбокае. — 2015. — 22 студз. — С. 4.