Любоў Грынчык

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Любоў Грынчык
Дата нараджэння 1923[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 2009[1]
Месца смерці
Краіна
Альма-матар
Музычная дзейнасць
Прафесіі спявачка, гітарыст
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Любо́ў Гры́нчык (1923, Быцень, Польшча2009, Мінск, Беларусь) ― беларуская спявачка і гітарыстка.[2]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў 1923 годзе ў Быцені на Берасцейшчыне. Маці, бабуля, цётка Любові Грынчык — спявачкі. Родны брат Канстанцін вёў хор, яшчэ два браты гралі на скрыпцы, на мандаліне. Любоў мела 27 стрыечных братоў і сясцёр. Бацька Аляксей Макарэвіч служыў праваслаўным святаром. Будучы муж-аднавясковец Мікалай Грынчык вучыўся на ксяндза ў Варшаве. Святарскім планам перашкодзіла вайна, пасля якой юнак абраў прафесію літаратуразнаўцы.

Напачатку вайны выратавала савецкіх вайскоўцаў, правёўшы бродам праз Шчару. Адразу пасля вайны Любоў Грынчык трапіла пад рэпрэсіі. У 23 гады яна апынулася ў Комі АССР на лесапавале за тое, што выкладала ў пачатковай школе падчас акупацыі. Назад з Варкуты да Масквы дабіралася на даху вагона, пазней была рэабілітавана.

У 1965 годзе сям’я разам з сынам, будучым фізікам-вынаходнікам, Мікалаем Грынчыкам пераехала ў Мінск на вуліцу Сурганава. У кватэры Грынчыкаў гасцявалі Быкаў, Барадулін, Караткевіч, Мальдзіс, Панізнік.

Памерла ў 2009 годзе, пахавана на могілках у роднай вёсцы.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Свой рэпертуар Любоў Грынчык назвала «Песнямі з-пад Шчары». Усе творы трымала ў памяці, сярод аўтарскіх рэчаў меўся цэлы шэраг песень Сяргея Новіка-Пяюна. Асабіста ведала кампазітара Антона Валынчыка, той перадаў ёй ноты да песні на верш Якуба Коласа «Ліпы старыя». Літаратар Сяргей Панізнік прыгадвае вечарыну ў музеі Янкі Купалы, на які Любоў Аляксееўна прыйшла з гітарай, выконвала «Не загаснуць зоркі ў небе».

Сяргей Панізнік запісаў спевы Любові Грынчык на свой магнітафон «Романтик[ru]». Працэс запісу заняў два дні сакавіка 1969 года. Атрымалася зафіксаваць 36 песень — народных, аўтарскіх, акапэльных і пад гітару, а таксама інструментальныя найгрышы. Вялікую частку запісанага матэрыялу складае комплекс вясельных песень, прымеркаваных да розных этапаў абраду.

Запісы Любові Грынчык захоўваюцца ў Беларускай акадэміі музыкі ў кабінеце традыцыйных музычных культур. Іх прэзентацыя і перадача ў фонаархіў прайшла ўрачыста ў прысутнасьці самой выканаўцы ў 2009 годзе. Адзіная навуковая праца, датычная Грынчык, — гэта курсавая Вольгі Раманюк, дзе музыказнаўца абазначыла спявачку тэрмінам «homo musicus».

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Этнаграфістка Тацяна Бярковіч:

" Любоў Грынчык — гэта ўнікальны выпадак. Яе песьні гучаць вельмі высакародна і вельмі густоўна. Ня ў прыклад многім сучасным спробам апрацоўваць фальклёр. У яе асобе перапляліся натуральны этнаслых і гарадзкая традыцыя камэрнага сямейнага музыкаваньня. "

Лютніст Ілля Кубліцкі з гурта «Стары Ольса»:

" У гітары Любові Грынчык добры строй. Шкада, што інструмэнт не захаваўся. Сяміструнка — гэта сапраўды эўрапейскі інструмэнт, да таго, як трапіць у Расею, вядомы ў Чэхіі ды Францыі. Відаць, што яна асвойвала інструмэнт самастойна, як ёй было зручна, і такім чынам выпрацавала сваю аўтарскую манеру. "

Зноскі

  1. а б в г https://tuzin.by/article/4211/cany-niama-hetym-piesniam-unikalny-zapis-zabytaj.html
  2. Сямашка, Віктар. «Цаны няма гэтым песьням». Унікальны запіс забытай беларускай пясьняркі ў !OUT. Тузін Гітоў (1 кастрычніка 2018). Архівавана з першакрыніцы 30 верасня 2019. Праверана 29 жніўня 2021.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]